Брэсцкія ІП зладзілі мітынг і шэсце ў аблвыканкам (фота)

20/01/2016 - 14:58

У Брэсце каля 200 прадпрымальнікаў зладзілі мітынг. Адбыўся ён на рынку каля мясцовага ЦУМу. А 12-й тут адбыўся сход прадстаўнікоў розных рынкаў горада.

Еўрарадыё паразмаўляла з Аленай Кустус, старшынёй савета прадпрымальнікаў рынку “ЦУМ”. Жанчына распавяла, што мэта агульнага сходу – разам зацвердзіць зварот да ўладаў, у якім яны просяць скасаваць шэраг указаў.

Кустус: “У нас адна праблема — мы на сённяшні дзень не можам ажыцяўляць сваю дзейнасць. Указы №222 і №48 паставілі нас у такія рамкі, што мы не можам пачаць працу, не парушаючы заканадаўства. Расійскія пастаўшчыкі нам пастаўляюць такія дакументы, якія пазней, пры праверцы, не пацвярджаюць самі, што яны прадавалі нам гэты тавар… Мы сталі закладнікамі гэтай сітуацыі”.

Выступіла перад прадпрымальнікамі і прадстаўніца ўладаў — Наталля Абрамчук, намесніца кіраўніка ўпраўлення гандлю Брэсцкага гарвыканкаму. Яна паспрабавала адказаць прысутным на іх пытанні, аднак дыялог не атрымаўся.

Абрамчук: Так, сёння створаны не зусім спрыяльныя ўмовы, але ў той жа час тэрмін быў вам дадзены…

Голас з натоўпу: Справа не ў тэрмінах, Вы разумееце? Справа ва ўмовах, якія мы заведама не можам выканаць!

Абрамчук: Тады я не гатовая вам адказваць за спецыялістаў іншых службаў, таму гэта вашае права далей куды-небудзь звяртацца.

Пад зваротам, які ІП збіраюцца накіраваць кіраўніку дзяржавы, падпісаліся 200 чалавек — усе прысутныя. Адзін з асобнікаў вырашылі перадаць у Брэсцкі аблвыканкам.

Каля гадзіны дня натоўп накіраваўся да кіраўніцтва вобласці. Праўда, да будынка аблвыканкаму дайшло толькі каля 40 чалавек.

У аблвыканкаме іпэшнікаў прыняў  намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкаму Міхаіл Сяркоў. Але дыялог з уладамі, які б задаволіў прадпрымальнікаў, не адбыўся. Тым не менш Сяркоў паабяцаў, што перадасць прапановы ІП вышэйшым чыноўнікам.

Падчас сустрэчы некаторыя з прысутных прызналіся, што гатовыя адмовіцца ад прадпрымальніцкай дзейнасці, але проста не могуць знайсці праз цэнтар занятасці іншую працу.

“Сітуацыя складаная, сапраўды. Я паспрабую дапамагчы кожнаму, у каго будзе такая праблема з працаўладкаваннем. Аднак жа эканамістаў, юрыстаў ці людзей прадпенсійнага ўзросту будзе вельмі складана ўладкаваць, кажу шчыра. Таму звяртайцеся — нейкай частцы з вас дакладна дапамагу, але ўсім — наўрад. Гэта фізічна немагчыма зрабіць”, — заявіў чыноўнік.

Нагадаем, што з 1 студзеня беларускія ІП масава спынілі гандаль. Згодна з указам №222, яны не могуць прадаваць тавары лёгкай прамысловасці, без сертыфікатаў Мытнага саюза.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі