Брэсцкага айцішніка асудзілі на 1,5 года за каментары пра Лукашэнку

10/05/2023 - 08:34
Аляксандр Заноўскі / spring96.org

37-гадовага ІТ–спецыяліста Аляксандра Заноўскага асудзілі на 1,5 года калоніі агульнага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у публічнай абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК), паведамляюць праваабаронцы "Вясны".

Справу разглядалі ў Маскоўскім судзе Брэста. Прысуд вынесла суддзя Іна Клышпач.

Нагодай сталі два каментары Заноўскага пад публікацыямі тэлеграм-канала "Беларусь галаўнога мозгу", які ў Беларусі прызнаны экстрэмісцкім. Адно паведамленне было напісана 24 лютага 2022 года пад навіной, што з тэрыторыі Беларусі ва Украіну заходзілі расійскія войскі. Каментар быў такі: "Прусак пуцінскім шнырам стаў ужо)))".

Другі каментар з'явіўся 7 красавіка 2022 года (падчас перамоваў Украіны і Расіі пра перамір'е) пад навіной з цытатай Лукашэнкі, што "не можа быць перамоваў без удзелу Беларусі". Як сцвярджае абвінавачанне, Заноўскі напісаў: "Ды ён ужо не вырашае нічога. Шаўка пуцінская".

За гэтыя два каментары айцішніка пакаралі калоніяй.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі