Блогера Пратасевіча аштрафавалі за фатаздымкі на Маршы абураных беларусаў

09/11/2017 - 18:25

На 460 рублёў (20 базавых велічыняў) аштрафаваў блогера Рамана Пратасевіча суд Кастрычніцкага раёна Мінска. Прысуд вынес суддзя Аляксандр Сяргей, паведамляе Радыё "Свабода".  

Пратасевіча прызналі вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаванай вулічнай акцыі — Маршы абураных беларусаў 2.0, які прайшоў у Мінску 21 кастрычніка. 

Сам хлопец у судзе тлумачыў, што ён толькі асвятляў акцыю як блогер. Пратасевіч кажа, што працаваў для аўдыторыі, якая чытае яго блог: вёў рэпартаж з акцыі і адначасова рабіў здымкі. "Той скрыншот з маім фота, які фігуруе ў матэрыялах справы, зроблены ў момант, калі я адышоў ад натоўпу, каб падняцца на прыступкі каля гатэля "Мінск" і зрабіць здымак маршу. Між тым у пратаколе сказана, што я нібыта браў удзел у мітынгу на плошчы Незалежнасці. Гэта няпраўда. Я там быў, але трымаўся разам з іншымі журналістамі, працаваў як блогер", — заявіў у судзе блогер.

Сведчанні супраць яго даваў міліцыянт Андрэй Карацюпа. Ён распавёў, што ўдзельнікі акцыі выкрыквалі лозунгі і неслі транспаранты. Ці выкрыкваў нешта Раман Пратасевіч, сведка не прыпомніў, але ўпэўнена пацвердзіў, што юнак быў сярод мітынгоўцаў.

Дарэчы, сёлета Пратасевіча ўжо двойчы каралі за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях, у тым ліку за 25 сакавіка.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі