Блогера Максіма Філіповіча за кратамі будуць судзіць чарговы раз

04/04/2017 - 07:49

Гомельскага відэаблогера Максіма Філіповіча будуць чарговы раз судзіць, пакуль ён адбывае арышт, паведамляе праваабарончы сайт "Вясна"

У ізалятары часовага ўтрымання гамяльчук знаходзіцца з 13 сакавіка. За ўдзел у акцыях пратэсту "недармаедаў" у розных гарадах Беларусі яму прысудзілі 13-, 5- і 7-сутачны арышты. Прычым два апошнія з іх — калі блогер ужо адбываў арышт. 

Цяпер яго плануюць судзіць за ўдзел у "маршы недармаедаў" у Пінску, які прайшоў 11 сакавіка. Як інфармуе праваабаронца Леанід Судаленка, суд можа адбыцца ў любы дзень тэрміну зняволення Філіповіча. Калі блогеру не прысудзяць чарговы арышт, то ён павінен выйсці на волю 7 красавіка каля 20.50.

Судаленка падкрэслівае, што заканадаўства вызначае максімальны адміністрацыйны арышт — 25 сутак. Філіповіч адбудзе іх 7 красавіка. Але на практыцы здараліся выпадкі, калі чалавека выпускалі на некалькі хвілін, а потым зноў арыштоўвалі і выстаўлялі новыя абвінавачванні.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі