Бізнэсмена Яўгена Баскіна адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе

01/07/2016 - 12:28

Кіраўнік групы кампаній “Сервалюкс” Яўген Баскін адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе. Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу Камітэта дзяржаўнай бяспекі, бізнэсмен цалкам кампенсаваў суму шкоды, якую яму ставілі ў віну. Пры гэтым выплачаная сума не разгалошваецца. Следства па справе працягваецца.

Баскін і некалькі менеджэраў “Сервалюкса” былі затрыманыя 14 сакавіка гэтага года па падазрэнні ва ўхіленні ад упраты падаткаў у асабліва буйным памеры. Па інфармацыі КДБ, толькі за суткі следства выявілі шкоду ў 370 мільярдаў рублёў. Самому Баскіну ставілі ў віну суму ў 18,3 мільёна долараў.

Пасля затрымання бізнэсмен быў узяты пад варту, але 22 сакавіка яго перавялі пад хатні арышт у сувязі з адкрытымі новымі абставінамі.

Яўген Баскін — адзін з найбольш паспяховых беларускіх бізнэсменаў. Яго група кампаній “Сервалюкс” з’яўляецца найбуйнейшым аператарам і вытворцам у АПК.  У яе склад уваходзяць птушкафабрыкі, мяса- і малакоперапрацоўчыя прадпрыемствы, камбікормавыя заводы, малочна-таварная ферма, рознічная сетка і іншыя падраздзяленні. Кампанія валодае брэндамі “Пятруха”, “Браты Грыль”, “Кувшинка».

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі