Біятланістка Дар'я Юркевіч вырашыла не заканчваць спартыўную кар'еру

11/07/2018 - 14:25

Беларуская біятланістка Дар'я Юркевіч вырашыла не заканчваць спартыўную кар'еру. Трэнеры пераканалі яе працягваць выступленні. Пра гэта ў інтэрв'ю газеце "СБ. Беларусь сегодня" распавёў галоўны трэнер зборнай Беларусі Юрый Альберс. Як вядома, пра спыненне спартыўнай кар'еры заявілі Дар'я Домрачава, Надзея Скардзіна і Надзея Пісарава. Альберс кажа, што ў складзе жаночай зборнай пакуль толькі чатыры чалавекі — Ірына Крыўко, Ганна Сола, Дар'я Юркевіч і Дынара Алімбекава, якая перанесла аперацыю і пакуль працуе на трэніроўках па аблегчаным варыянце.

"[Юркевіч] збіралася [сыходзіць], але пасля сыходу вядучых спартсменак мы пагаварылі з ёй і вырашылі, што ёсць сэнс працягнуць выступленні, — кажа трэнер. — Па-першае, неабходна запаўняць заявачную квоту, па-другое, патрэбны людзі для эстафеты. Мы разглядаем юніёрак, але гаварыць аб іх перспектывах пакуль рана".

Пра тое, што 30-гадовая Дар'я Юркевіч вырашыла завяршыць спартыўную кар'еру, стала вядома ў траўні. Біятланістка не паказвала высокіх вынікаў, яе найлепшым дасягненнем была бронзавая ўзнагарода ў гонцы на 15 кіламетраў на этапе Кубка свету ў 2016 годзе. Надзеі, што Дар'я стане "новай зоркай" беларускага біятлону ў наступныя два гады не спраўдзіліся.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі