БФФ хоча, каб футбольную зборную трэніраваў беларус

14/06/2019 - 07:12

Беларуская федэрацыя футбола (БФФ) хоча, каб галоўным трэнерам зборнай быў беларускі спецыяліст. Пра гэта першы намеснік старшыні БФФ Юрый Вяргейчык паведаміў у інтэрв'ю "Прессболу".

Па яго словах, цяпер федэрацыя разглядае некалькі кандыдатураў на пасаду галоўнага трэнера зборнай. "Але хочам, каб гэта зноў быў айчынны спецыяліст, які надоўга не адрываўся ад беларускага футбола. У ідэале — пастаянна жыў у нашай краіне і сачыў за гульцамі, гэта значыць, адчуваў ўсё знутры. Агучым адно ці два прозвішчы на блізкім пасяджэнні выканкаму ў трэцяй дэкадзе чэрвеня. А далей яму вырашаць, зацвердзіць ці не", — падзяліўся планамі Вяргейчык. 

Галоўнымі задачамі новага трэнера ён назваў дзве — амаладзіць каманду і "выбудаваць яе гульню з улікам нашых мэтаў у найбліжэйшай будучыні".

Ігар Крывушэнка, які ўзначальваў футбольную зборную Беларусі, быў звольнены з пасады 13 чэрвеня пасля таго, як каманда атрымала чатыры паразы запар у адборачным туры Еўра-2020.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі