Адна краіна напала на іншую, чым аб’яднала амаль увесь свет супраць сябе. Пасля лагічнай паразы ёй яшчэ доўга трэба было расплачвацца па рахунках.
Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” прыгадвае, як Германія пасля Другой сусветнай вайны выплачвала рэпарацыі. Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя.
Колькі будзе выплачваць Германія, вырашалася за некалькі месяцаў да яе фактычнай паразы — у лютым 1945-га на канферэнцыі ў Ялце. Лiдары антыгітлераўскай кааліцыі вырашылі, што палова ўсіх будучых рэпарацый прызначалася СССР і Польшчы — а гэта 10 мільярдаў долараў.
На справе і СССР, і заходнія краіны ўзялі больш. І не толькі “афіцыйнымі” выплатамі: асабістыя трафеі салдат і афіцэраў не паддаюцца падліку. “Трафейная ліхаманка” не абмінула нават маршала Жукава, які вывозіў здабычу вагонамі.
Што да саміх рэпарацый для Савецкага Саюза, то частка з іх выплачвалася не грашыма. Першым поўныя лічбы прадставіў расійскі ваенны гісторык, палкоўнік у адстаўцы Міхаіл Семірага, які сам служыў у пасляваеннай вайсковай адміністрацыі ў Германіі і працаваў у архівах Міністэрства абароны. Паводле яго, за некалькі гадоў, на працягу якіх СССР спаганяў рэпарацый, было дэмантавана амаль 3 тысячы фабрык і заводаў. Таксама разабралі 1337 нямецкіх прадпрыемстваў у Польшчы, 206 у Аўстрыі, 54 у Чэхаславакіі і 11 у Венгрыі. Усяго атрымана больш за мільярд адзінак абсталявання.
ЗША, Вялікабрытанія і Францыя са сваіх зон дэмантавалі і вывезлі абсталявання на суму каля 1,2 млрд долараў, золата — 277 тон, марскіх і рачных суднаў — на 200 млн долараў. Пад кантроль гэтых краін перайшлі замежныя банкаўскія рахункі Германіі на суму каля 4 млрд долараў. Нямецкія патэнты, якія дасталіся ЗША і Вялікабрытаніі, ацэньваюцца прыкладна ў 5 мільярдаў долараў.
У верасні 1952 года паміж ФРГ і Ізраілем было падпісана Люксембургскае пагадненне. Паводле дакумента, на працягу 14 гадоў нямецкі ўрад выплаціў ізраільскай дзяржаве рэпарацый у памеры 3 мільярдаў марак (па сённяшнім курсе прыкладна 7 мільярдаў еўра). Гэта адзіны выпадак, калі рэпарацыі атрымала краіна, якая не існавала ў часе вайны.
У 1960 годзе падпісана нямецка-грэцкая дамова, паводле якой Грэцыя атрымала 115 мільёнаў марак (59 млн еўра). А ў 1961 годзе — нямецка-італьянскае пагадненне аб кампенсацыях італьянскім ахвярам нацызму на 40 мільёнаў марак (прыкладна 20 млн еўра).
І гэта не ўсё: апроч рэпарацый, Германія таксама выплачвае кампенсацыі розным катэгорыям ахвяр нацызму. У нулявых дзейнічаў фонд “Памяць, адказнасць і будучыня”, які выплачваў кампенсацыі былым паднявольным рабочым лагераў. Усяго кампенсацыі на суму 4,4 мільярда еўра атрымалі 1,66 мільёна чалавек.
Але не трэба забываць, што ніякія рэпарацыі не вернуць жыцці загінулых і зламаныя лёсы. Самыя вялікія страты панеслі: СССР — 26,6 мільёна, Кітай — 13,5 мільёна, Германія — 6,48 мільёна, Польшча — 6 мільёнаў (з іх больш за палову — габрэі), Японія — 3,76 мільёна і Індыя — 3 мільёны. Пераважная большасць ахвяр была сярод цывільнага насельніцтва. Усяго — 71,1 мільёна па ўсім свеце.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут