Беражкова і Суботкіна могуць вызваліць ад крымінальнай адказнасці?

02/02/2016 - 12:32

Расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да былых кіраўнікоў ХК “Дынама-Мінск” скончанае. Матэрыялы накіраваныя пракурору.

Следчы камітэт паведаміў пра тое, што нанесеная матэрыяльная шкода (больш за тры мільярды) амаль цалкам кампенсаваная.

З боку праваахоўнікаў сітуацыя выглядае так, што абвінавачаныя кралі і ўскосна прызналі гэты факт кампенсацыяй трох мільярдаў. Тым часам блізкія былога генменеджара “Дынама” і заснавальніка газеты “Прэсбол” Уладзіміра Беражкова маўчаць, хоць і канстатуюць, што інфармацыя Следчага камітэта выглядае аднабока.

“Следства скончанае, але нешта сёння казаць — некарэктна. Калі будзе суд, там усе ўсё пачуюць”, — абяцае Вольга Стэчман, адвакат Беражкова.

Магчыма, маўчанне звязанае з хадайніцтвам, якое Беражкоў і Суботкін (былы генеральны дырэктар “Дынама”) направілі на адрас пракурора. Абвінавачаныя спаслаліся на артыкул 88-1 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае вызваленне ад адказнасці ў выпадку вяртання грошай дзяржаве. Грошы амаль вернутыя. Тэарэтычна, Беражкова і Суботкіна могуць выпусціць на волю і вызваліць ад адказнасці ўжо да суда. І больш да гэтай гісторыі не вяртацца.

За што завялі справу на былых босаў Дынама?

 

Скандал разгарэўся летась у жніўні. Спачатку затрымалі гендырэктара Максіма Суботкіна. Выконваць яго абавязкі пачаў Уладзімір Беражкоў. У хуткім часе за краты трапіў і ён.

Затрыманні адбываліся перад пачаткам сезона ў Кантынентальнай хакейнай лізе. Многія ў вінаватасць Беражкова не паверылі. Па-першае, з яго прыходам у “Дынама” каманда выдала адзін з найлепшых сезонаў у гісторыі. Пры гэтым Беражкоў імкнуўся змяншаць агульныя растраты і пры гэтым не паслабляць склад. Па-другое, хапала інфармацыі пра дрэнныя адносіны Беражкова з некаторымі спартыўнымі функцыянерамі, пераважна, былымі міліцыянерамі. Па-трэцяе, у якасці рэдактара “Прэсбола” ён меў рэпутацыю барацьбіта з карупцыяй.

Беражкова абвінавацілі ў злоўжыванні ўладай альбо службовымі паўнамоцтвамі, раскраданнях. Як паведамлялі ў СК, сярод іншага, ён аформіў у клубе знаёмага, якому прызначыў штомесячную зарплату ў 15 мільёнаў. Таксама знаёмаму рэгулярна выплачваліся прэміі на суму ад 80 да 160 мільёнаў. Грошы Беражкоў, як паведамлялася, сам здымаў з карткі. Іншай канкрэтыкі няма.

Суботкіну да тых жа самых крымінальных артыкулаў дадалі перавышэнне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў. Паведамлялася, што ён самавольна заснаваў прадпрыемства ЗАТ "Маркетынг ХК “Дынама”", у межах якога прызначыў сабе штомесячную зарплату ў 45 мільёнаў рублёў. А таксама заключыў праз гэта прадпрыемства фіктыўную дамову на 400 мільёнаў. Іншай канкрэтыкі, нягледзячы на суквецце ўсіх крымінальных артыкулаў, не паведамлялася.

Хутчэй за ўсё, Уладзімір Беражкоў не танцаваў пад дудку следчых. З вуснаў яго сына Мікіты ў СМІ трапіла скарга наконт таго, што бацьку ламалі. Нягледзячы на негалоснае правіла, яго змясцілі ў камеру СІЗА разам з “мацёрымі зэкамі”, а не з такімі ж абвінавачанымі ў эканамічных злачынствах. Беражкоў, як скардзіўся сын, знаходзіўся пад псіхалагічным прэсінгам і “нават палітвязняў так не ламалі”.

Фота by.tribuna.com, sport.kazanfirst.ru, belarushockey.com

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі