Беларусы не пабачаць праграму інтэграцыі з Расіяй да яе падпісання ў снежні

18/09/2019 - 12:12

Дэпутатка Алена Анісім атрымала адказ на зварот да прэм’ер-міністра Сяргея Румаса аб планах па паглыбленні інтэграцыі Беларусі і Расіі. Старшыня ўрада не стаў адказваць на зварот сам, перанакіраваўшы яго міністру эканомікі Дзмітрыю Крутому. Менавіта Крутой з беларускага боку ўзначальвае рабочую групу па распрацоўцы прапановаў аб далейшым развіцці інтэграцыі.

У сваім запыце Анісім зазначыла, што распрацоўка інтэграцыйных дакументаў за закрытымі дзвярыма стварае напружанасць у беларускім грамадстве. Але ва ўрадзе лічаць іначай: “Публікацыя праекта Праграмы ў адсутнасці пакета карт супярэчыла б агульнапрынятай у свеце практыцы арганізацыі перамоваў, а таксама магла б стварыць глебу для інфармацыйных маніпуляцый і фарміравання ў грамадстве скажоных уяўленняў адносня інтэграцыйнага працэсу”, — сказана ў адказе за подпісам Дзмітрыя Крутога.

З дакумента вынікае, што праект Праграмы дзеянняў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі па рэалізацыі палажэнняў Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года падрыхтаваны, але мае статус працоўнага, бо яшчэ не падпісаны кіраўнікамі Расіі і Беларусі. Падпісанне плануецца 8 снежня 2019 года, у 20-ю гадавіну стварэння Саюзнай дзяржавы. Разам з дакументам будзе падпісаны пакет дарожных карт. “Праца па падрыхтоўцы гэтых карт толькі пачалася. Менавіта ў іх будзе ўтрымлівацца дэталізацыя эканамічных дамоўленасцяў паміж бакамі”, — сцвярджае Круты.

Нарэшце, міністр эканомікі “па даручэнні прэм'ер-міністра” запэўнівае Алену Анісім, што інтэграцыйныя дакументы “не ўтрымліваюць ніякага палітычнага кампанента і не ствараюць пагроз для суверэнітэту і незалежнасці нашай Радзімы — Рэспублікі Беларусь”.

Адказ, які атрымала Алена Анісім / www.facebook.com/alena.anisim

Цікава, што Сяргей Румас, які не стаў адказваць на запыт Алены Анісім, менш за месяц таму — у канцы жніўня 2019 года — казаў, што праграму развіцця інтэграцыі з Расіяй можна будзе апублікаваць пасля таго, як яе парафіруюць прэм'ер-міністры:

"Думаю, пасля парафіравання праграмы ўрады абедзвюх краін апублікаюць яе, каб у грамадскасці былі знятыя нейкія апасенні наконт пытанняў суверэнітэту і іншых. Праграма накіраваная на рэалізацыю чыста эканамічных палажэнняў і прадугледжвае механізмы, пры якіх на дзве краіны будзе функцыянаваць адзіны рынак".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі