"Беларуснафта" выходзіць са складу канцэрна, каб пазбегнуць санкцый ЗША

17/07/2021 - 09:28
АЗС у Беларусі / NEFT.by

Вытворчае аб'яднанне "Беларуснафта" выходзіць са складу канцэрна "Белнафтахім" — пра гэта гаворыцца ва ўказе Аляксандра Лукашэнкі № 275 ад 16 ліпеня. Ён набыў моц пасля апублікавання на Нацыянальным прававым партале — 17 ліпеня.

Магчыма, так канцэрн спрабуе нівеліраваць наступствы санкцый ЗША, якія ўведзеныя 3 ліпеня супраць 9 беларускіх прадпрыемстваў, у тым ліку і супраць прадпрыемстваў "Белнафтахіма". Персанальных санкцый супраць "Беларуснафты" няма. Таксама ва ўказе прапісана, што зараз прызначаць і здымаць з пасады старшыні можна толькі па ўзгадненні з Аляксандрам Лукашэнкам. 

З-за санкцый, нагадаем, любыя аперацыі з прадпрыемствамі або іх даччынымі кампаніямі забароненыя, калі доля канцэрна ў іх больш за 50%.

Як раней пісала Еўрарадыё, па планах "Белнафтахіма", беларускія НПЗ планавалі перапрацаваць ў 2021 годзе каля 18 млн тон нафты. У пачатку 2021 года гендырэктар "Нафтана" Андрэй Сойка распавёў, што задача прадпрыемства на бягучы год — перапрацаваць 8,2 млн тон нафты. Асноўныя пастаўкі нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы ідуць з Расіі. На думку экспертаў, з увядзеннем абмежаванняў, многія расійскія кампаніі могуць адмовіцца ад паставак на беларускія прадпрыемствы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі