Беларускія памежнікі пацвердзілі, што ўкраінец Павел Грыб быў у нашай краіне

31/08/2017 - 08:12

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі пацвердзіў, што ўкраінец Павел Грыб быў у нашай краіне. 24 жніўня ён паспяхова перасёк украінска-беларускую мяжу ў пункце пропуску “Новая Гута” і прэтэнзій да яго не было. Пра гэта БЕЛТА заявіў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Антон Бычкоўскі. Паводле яго слоў, афіцыйны адказ на запыт Дзяржпамежслужбы Украіны ўжо адпраўлены.

Як паведамляла Еўрарадыё, 19-гадовы Павел Грыб прыехаў з Кіева ў Гомель на сустрэчу з дзяўчынай з Расіі (з ёй ён пазнаёміўся ў сацсетках) і знік. Мяркуецца, што хлопец мог трапіць у рукі ФСБ Расіі. Нібыта, у Расійскай Федэрацыі ўкраінца падазраюць у здзяйсненні тэракту і ён можа знаходзіцца пад вартай у Краснадары. Пры гэтым Павел не ваяваў на Данбасе і не служыў у войску па стане здароўя.

У КДБ Беларусі заяўлялі, што на тэрыторыі нашай краіны могуць дзейнічаць толькі беларускія спецслужбы. Аднак учора з украінскіх крыніц з’явілася інфармацыя пра тое, што ў Беларусі на пастаяннай аснове працуе група ФСБ Расіі.

Павел Грыб, фота са старонкі ў Фэйсбуку Ігара Грыба, бацькі хлопца

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі