Беларускіх сілавікоў чакае павышэнне пенсійнага ўзросту

10/03/2016 - 17:27

Беларускіх сілавікоў чакае павышэнне пенсійнага ўзросту. Пры гэтым будзе улічвацца асаблівасць вайсковай службы. Пра гэта заявіў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Станіслаў Зась.

Як паведамляла Еўрарадыё, у чацвер з удзелам кіраўніка дзяржавы прайшла нарада, прысвечаная пытанням развіцця пенсійнай сістэіы. Аляксандру Лукашэнку прапанавалі на разгляд тры варыянты зменаў, якія могуць пачацца ўжо з 1 студзеня 2017 года. У сваёй прамове ён згадваў і сілавікоў, якія выходзяць на пенсію ў 45 гадоў.

Лукашэнка — пра пенсіі: У 60 гадоў мужык — гэта конь, на якім можна яшчэ араць

Зась адзначыў, што пры павышэнні пенсійнага ўзросту для сілавікоў, будзе звяртацца ўвага на тыя спецыяльнасці, дзе людзі выконваюць задачы з рызыкай для жыцця. "Маюцца на ўвазе спецпадраздзяленні, ратавальнікі і іншыя спецыяльнасці. Характар іх дзейнасці будзе ўлічвацца пры прыняцці рашэння", — цытуе словы дзяржсакратара Савета бяспекі БЕЛТА.

Зась адзначыў, што ўлады пастараюцца не пакрыўдзіць людзей, якія "ўжо зарабілі пенсію і цяпер знаходзяцца ў чаканні гэтага ўзросту". Пытанне яшчэ будзе "дэталёва прапрацоўвацца". Якім будзе канчатковы варыянт павышэння пенсійнага ўзросту для прадстаўнікоў сілавых структур, пакуль сказаць немагчыма. Зась падкрэсліў, што Лукашэнка спадзяецца на разуменне людзей у пагонах.

Канчатковае рашэнне па пытаннях развіцця пенсійнай сістэмы ў Беларусі будзе прынятае на наступнай нарадзе. Яна мусіць адбыцца "ў хуткім часе". Улады абяцаюць, што абавязкова абмяркуюць пытанне з грамадствам.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі