Беларускі рэжысёр Андрэй Гнёт у Сербіі пераведзены пад хатні арышт

06/06/2024 - 09:58

Андрэй Гнёт правёў за кратамі "7 страшных месяцаў і 6 доўгіх дзён" / Кадр з відэа

Беларускі рэжысёр, журналіст і палітычны актывіст Андрэй Гнёт у Сербіі пераведзены пад хатні арышт. Пра гэта паведаміў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка, а пасля пацвердзіў і сам Гнёт у запісаным відэазвароце.

"Сем страшных месяцаў і 6 доўгіх дзён я знаходзіўся ў цэнтральнай турме Бялграда па палітычных матывах. І зараз я не свабодзе", — кажа ён. Хатні арышт для яго цяпер "як рай". Андрэй Гнёт дзякуе "ўсім, хто змагаўся за яго жыццё". Але пагроза экстрадыцыі ў Беларусь захоўваецца.

"Гэта першы важны крок у вырашэнні лёсу Андрэя, які больш за 7 месяцаў правёў у поўнай ізаляцыі, без доступу да належнай медыцынскай дапамогі пры рэзка пагоршаным стане здароўя, — піша Латушка. — Аднак цяпер важны другі самы галоўны крок — не дапусціць яго экстрадыцыі ў Беларусь, дзе Андрэя пераследуюць па палітычных матывах... Мы працягваем змагацца за лёс Андрэя Гнёта, і мы будзем змагацца за лёсы ўсіх беларусаў, якія пакутуюць ад рэжыму Лукашэнкі!"

Інтэрпал затрымаў Гнёта ў кастрычніку 2023 года ў Сербіі на запыт рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які абвясціў яго ў вышук па справе аб падатках. Адвакаты кажуць, што гэта палітычна матываваны пераслед, а на радзіме Гнёта могуць чакаць катаванні.

Суд першай інстанцыі ў снежні 2023-га ўхваліў дэпартацыю беларуса ў РБ. Аднак сёлета ў сакавіку Вышэйшы суд (апеляцыйны) адмяніў гэтае рашэнне і адправіў справу на перагляд. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі