Беларускі гурт у майках з гербам “Пагоня” выступіў на “Х-фактары” (відэа)

02/10/2016 - 07:55

Беларускі гурт у майках з гербам “Пагоня” выступіў на “Х-фактары”. Cваю зборную на самае папулярнае і рэйтынгавае ўкраінскае шоу адправіла “Арт Сядзiба”. Гурт “Амплітуда смеласці” пакінуў моцныя ўражанні як на журы конкурса, так і гледачоў у зале.

Гурт “Амплітуда смеласці”  прымае ўдзел у сёмым сезоне конкурса “Х-фактар”. Вакалістам выступіў Пётр Клюеў, а акампанаваў яму склад, які напалову складаецца з экс-музыкаў гурта “Ляпіс Трубяцкі”. За ўдарнымі — Аляксандр Старажук, на гітары — Руслан Уладыка, а на бас-гітары — Сяргей Адамовіч.

На сцэну музыкі выйшлі ў цішотках з гербам “Пагоня”, а ў зале лунаў бел-чырвона-белы сцяг. Гурт заспяваў свой варыянт песні “Crazy little thing called love” гурта “Queen”, а таксама ўласную песню “Асцярожна, лістапад” на верш Генадзя Бураўкіна. Аднак у эфір трапіў толькі кавер, паведамляе artsiadziba.by.

На першай жа хвіліне зала ўстала і пачала танчыць. У канчатковым выніку ўсе суддзі сказалі “так” і прапусцілі “Амплітуду смеласці” ў наступны этап шоу.

Чацвёрку суддзяў сёмага сезону “Х-Фактар” складаюць музычны прадзюсер і кампазітар Канстанцін Меладзэ, лідэрка гурта “The Hardkiss” Юлія Саніна, артыст і кампазітар Андрэй Данілка, а таксама экс-лідэр “Quest Pistols Show” Антон Саўлепаў.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі