Герман Баркоўскі / kspolonia.pl
Каманда Першай лігі Польшчы варшаўская "Палонія" абвясціла аб арэндзе з опцыяй выкупу да канца сезона 2026/2027 беларускага нападаючага Германа Баркоўскага. 24-гадовы форвард так і не змог заграць у чэшскай Экстраліге за "Градзец" праз праблемы з дакументамі.
Баркоўскі — выхаванец бабруйскай "Белшыны", у якой прайшоў шлях ад юніёра да дарослага гульца. Выступаў за брэсцкі "Рух", "Іслач", "Дынама-Брэст", РЦОР-БДУ (цяпер СКА-1938).
Зімой 2025 года ён пакінуў Беларусь і перабраўся ў Польшчу, дзе пачалася новая старонка яго футбольнай гісторыі. Ён падпісаў кантракт з "Пушчай", якая выступала тады яшчэ ў Экстракласе. Пасля паніжэння ў класе Баркоўскага арандаваў "Пяст" з Глівіц, які застаўся ў Вышэйшай лізе.
Герман Баркоўскі згуляў у Экстракласе 46 матчаў, забіў сем галоў і зрабіў чатыры асісты.
Некалькі тыдняў таму ён быў выкуплены ў "Пушчы" чэшскім "Градзецам". Але праз праблемы з дакументамі і дазволам на працу ён не змог дэбютаваць за новую каманду.
У "Палоніі" беларус будзе выступаць пад нумарам 63. У каментары для прэс-службы Баркоўскі сказаў, што "хоча перамагаць у кожным матчы і дапамагаць камандзе".
"Палонія" — клуб з вельмі доўгай гісторыяй, і я хачу разам з ёй выйсці ў Экстраклас", — заявіў беларус.
Нагадаем, што ў Варшаве гуляе яшчэ адзін беларус — 18-гадовы абаронца "Легіі" Эрык Міканавіч.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут