Беларускі фермер вырасціў перцы, якія расіяне палічылі польскімі

20/08/2018 - 15:40

Рассельгаснагляд затрымаў 14,5 тон свежых беларускіх перцаў. Інспектары звярнулі ўвагу на сляды зрываў этыкетак на скрынках. На свежых этыкетках вытворцам перцаў з'яўляецца ферма “Давыд-Універсал” са Столінскага раёна.

А ў адной скрынкі расіяне знайшлі этыкетку, згодна з якой, краіна паходжання перцаў — Польшча! Нават на фатаграфіі бачна, як сціпла выглядае налепка з указаннем, што перцы з Польшчы. Тырчыць як візітоўка.

Еўрарадыё знайшо тое, што не смог знайсці Рассельгаснагяд —беларускага вытворцу гэтых перцаў. Сяргей Грыб, уладальнік фермы “Давыд-Універсал”, кажа, што сапраўды вырошчвае перцы ў вялікай колькасці, і нават сам прадае іх у Расію:

“Так, я вырошчваю перац. Але яшчэ і капусту, і яблыкі. І нават баклажаны, але не шмат. Мы нядаўна прадалі перцы аднаму іпэшніку. Але, колькі там сярод гэтых затрыманых 14,5 тон маіх, я не ведаю. Я прадаў перцы ў суботу, выехалі яны толькі ў нядзелю ад нас, а затрымалі іх праз пяць дзён. Адкуль я ведаю, дзе ўвесь гэты час была машына? Мы і самі возім перцы ў Расію. Да гэтага я прадаў дзве машыны на Расію, і да мяне не было ніякіх пытанняў. А потым вось, прадаў ІП Уладзіміру Дзямко, прычым, я яго ведаю, мы з аднаго раёна, і вось такое”.

Будучую праверку з Расіі Сяргей успрымае спакойна. Аказваецца, што гэта не першая такая праверка яго фермы:

"Прыязджалі з расійскіх ведамстваў правяраць мой яблыневы сад, калі была ўся гэтая заваруха з беларускімі яблыкамі. Але ў мяне ўсё выдатна. Сад па еўрапейскай тэхналогіі зроблены. Прыехалі, паглядзелі і зʼехалі. Ну хай цяпер таксама прыязджаюць, паглядзяць. Перцы ёсць!"

Індывідуальны прадпрымальнік Уладзімір Дзямко, чые перцы былі затрыманыя Рассельгаснаглядам, кажа, што паняцця не мае адкуль зʼявіліся польскія налепкі:

“Можа, падкінуў хто. На нашых скрынях усё паказана дакладна, перцы са Століншчыны. Сляды сарваных этыкетак з-за таго, што мы спачатку наклеілі тыя, што з памылкамі, там былі дадзеныя няправільна пазначаныя. Таму іх прыйшлося сарваць і наклеіць правільныя. А яны да гэтага прычапіліся”.

“Прадуктовая вайна” з боку Расіі ў дачыненні да Беларусі ідзе ўжо больш за паўгода. Спачатку ўсё пачалося з выяўлення розных медыкаментаў у малацэ. Потым Расія западозрыла, што Беларусь увозіць занадта шмат яблыкаў.  А цяпер пайшлі праверкі астатняй гародніны і садавіны.

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі