Беларуская сям’я ў Ніцы спрабавала дабіцца дапамогі ў МЗС і амбасады

15/07/2016 - 15:39

“Учора патрапілі пад абстрэл у Ніцы каля 22­:30. Пачулі стрэлы і натоўп пабег (была паніка) жонка павалілася, я з дзіцем на руках. Беглі каля хвіліны і ўвесь час чулі стрэлы ззаду, як быццам тэрарысты ідуць і страляюць. Схаваліся ў гасцініцы”, — напісаў на сваёй старонцы ў Facebook грамадзянін Беларусі Аркадзь.

Аркадзь распавядае, што недзе ў дзве гадзіны ночы яго жонка тэлефанавала ў беларускую амбасаду ў Парыжы, каб дапамаглі хутчэй выехаць з Ніцы і ўвогуле пакінуць Францыю.

“Дзяжурны сказаў, што звяжацца з консулам і ператэлефанаваў праз пяць хвілін. Адказ: “Нічым вам не можам дапамагчы, бо ў Ніцы няма прадстаўніцтва”. Выбірайцеся самі, — абураецца Аркадзь. — На працягу ўсяго часу з амбасады так ніхто і не ператэлефанаваў, не пацікавіўся, у якім мы стане і дзе мы знаходзімся”.

Каб разабрацца ў сітуацыі Еўрарадыё тэлефануе ў беларускую амбасаду ў Парыжы. Там нас даволі ветліва перанакіроўваюць па некалькіх нумарах, апошні — нумар консула (+33 1 44 14 6978), які акурат адказвае за ўсе магчымыя пытанні, якія могуць узнікнуць у беларусаў у сувязі з тэрактам у Ніцы. Сакратарка просіць ператэлефанаваць праз 15 хвілін, бо консул заняты. А далей бліжэйшую гадзіну тэлефон заняты, і ў выніку перастае адказваць.

Раніцай 15 ліпеня Аркадзь тэлефануе ў Міністэрства замежных спраў Беларусі, сакратарка кажа, што злучае з аддзелам па надзвычайных сітуацыях, але за тры хвіліны так ніхто і не адказвае.

“Французская амбасада нас рэгулярна інфармуе звярталіся да іх беларусы, ці не, — кажуць Еўрарадё у галоўным консульскім упраўленні МЗС Беларусі. — Па нашых дадзеных, пакуль што зваротаў у амбасаду не было. Гэты грамадзянін да мяне не звяртаўся і я не чуў пра яго званок. Калі б ён тэлефанаваў у МЗС, то, хутчэй за ўсё, яго перанакіравалі на мяне. У прыёмнай міністра выдатна ведаюць тэлефон галоўнага консульскага ўпраўлення, і яны добра ведаюць, што каардынацыя адбываецца па адным з нашых тэлефонаў”.

Не дачакаўшыся дапамогі ад чыноўнікаў і прагаварыўшы ўсе грошы на трох тэлефонах з роўмінгам, Аркадзь спрабуе самастойна памяняць дату вылету з Францыі. У Белавіі спачатку нібыта паведамляюць, што за перанос даты, давядзецца аплачваць штраф.

Але цягам дня Белавія паабяцала бясплатна зрабіць перанос дат зваротных квіткоў ўсім беларусам, якія знаходзяцца ў Францыі. Адпаведна, Аркадзю і яго сям’і квіткі таксама памяняюць.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі