Беларуская мулатка прадставіць Нігерыю на конкурсе "Міс свету Plus Size"

17/10/2019 - 17:05
Удзельніца праекта "Міс Беларусь Plus Size" Ванэса Марская-Уменне / instagram.com/vanessamorskaya​

23-гадовая блогерка, удзельніца праекта "Міс Беларусь Plus Size" Ванэса Марская-Уменне ўпершыню прадставіць Нігерыю на міжнародным конкурсе прыгажосці "Міс свету Plus Size". Пра гэта Еўрарадыё расказала сама канкурсантка.

Удзельніцы праекта Марыя Разумава і Ванэса Марская ў гасцях Еўрарадыё / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё

"Першапачаткова я рыхтавалася прадстаўляць Беларусь, — кажа Ванэса. — Калі пачалося галасаванне, мае сваякі з Нігерыі, якія за мяне балелі, спыталі, чаму б мне не прадставіць і Нігерыю. Я патлумачыла, што дзве краіны прадстаўляць нельга ".

Блізкія дзяўчыны расстроіліся, а Ванэса задумалася: "Усё-такі я напалову афрыканка. Ды і якая з мяне беларуска па знешнасці?"

Удзельніца конкурсу нарадзілася ў інтэрнацыянальнай сям'і: бацька з Нігерыі, маці — беларуска. Ванэса кажа, што заўсёды адчувала, што жыве ў двух паралельных светах: адзін свет — паўднёвы, дзе паўната вітаецца, а формы як у яе лічацца прыгожымі. Другі — паўночны, дзе многія жанчыны забіваюць сябе стандартамі 90-60-90 і не могуць быць шчаслівымі.

"Я паеду на конкурс ад Нігерыі, каб прадэманстраваць нацыянальны каларыт і ўсю прыгажосць афрыканскіх жанчын, — працягвае Ванэса. — Яшчэ мне важна паказаць еўрапейскім дзяўчатам, як можна любіць і паважаць сябе ў любым целе. Па сутнасці, вага не мае значэння, галоўнае — быць здаровай".

Калі дзяўчына трапіла ў топ-12 удзельніц і павінная была змагацца за месца ў топ-5, яна абмеркавала гэтую ідэю з журы. Яе падтрымалі і беларускія, і замежныя арганізатары. Па рашэнні ўсіх бакоў на конкурсе прыгажосці "Міс Беларусь Plus Size", які пройдзе ў Кіеве з 5 па 10 лістапада, Ванэса будзе прадстаўляць сваю другую радзіму.

Як кажа ўдзельніца, беларусы падтрымаюць яе падрыхтоўку. Сукенку для фінальнага выхаду пашые дызайнерка Наталля Ляхавец. Нацыянальны касцюм дасць нігерыйскі бок. На конкурс у Кіеў прыедзе сам амбасадар Нігерыі.

Калі ў "Міс Беларусь Plus Size" пераможа Ванэса ці адна з пяцярых фіналістак беларускага адбору, ёсць імавернасць, што ў 2020 годзе міжнародны конкурс адбудзецца ў Мінску.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі