Беларуская канаістка намінаваная на прэмію World Paddle Awards

02/11/2016 - 13:24

Беларуская канаістка Надзея Макарчанка намінаваная на прэмію World Paddle Awards (WPA) як найбольш перспектыўны малады спартсмен — Sports junior. Апроч спартсменкі з Бабруйска на прэстыжную ўзнагароду ў вяслярных відах спорту прэтэндуюць яшчэ чатыры атлеты з ЗША, Чэхіі, ПАР і Польшчы.

Выбар пераможцаў World Paddle Awards у сямі катэгорыях ажыццяўляецца тайным галасаваннем сябраў WPA, а таксама па колькасці адзначаных і ўпадабаных атлетаў на спецыяльным сайце.

Надзея Макарчанка заваявала пяць залатых узнагародаў на юніёрскіх чэмпіянатах свету па веславанні на байдарках і каноэ ў 2015 годзе ў Партугаліі і ў 2016 годзе ў Беларусі. Сёлета беларуска таксама стала лаўрэатам конкурсу Пятра Нуроўскага і атрымала трэцюю прэмію падчас 25-й Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, якая прайшла ў кастрычніку ў Мінску.

Прэмія World Paddle Awards праводзіцца штогод і ўручаецца ў галіне вяслярных відаў спорту. Галасаванне працягнецца да 20 лістапада, а пераможцы стануць вядомыя на цырымоніі ў Партугаліі ў лютым 2017 года.
 

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі