Чыгунка, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Беларуская чыгунка не плануе аднаўляць рух пасажырскіх цягнікоў праз беларуска-польскую мяжу. Пра гэта ў кантакт-цэнтры БЧ паведамілі журналістцы "Белсата".
"На дадзены момант у кантакт-цэнтр Беларускай чыгункі інфармацыі аб прызначэнні цягнікоў у злучэнні з Польшчай не паступала", — прыводзіць "Белсат" адказ беларускай чыгункі.
У кантакт-цэнтры БЧ рэкамендавалі адсочваць актуальную інфармацыю на афіцыйным сайце pass.rw.by, у мабільнай праграме "БЧ. Мой поезд" ці звяртацца ў кантакт-цэнтр Беларускай чыгункі на нумар 105. Пасажыры, якія знаходзяцца за межамі Беларусі, могуць зрабіць гэта праз тэлефон (+375 222) 39 25 47.
Пасажырскі чыгуначны рух паміж Польшчай і Беларуссю спыніўся ў сакавіку 2020 года. Спачатку на гэта паўплывала пандэмія каранавіруса, а потым — санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Цяпер прадстаўнікі польскага кіраўніцтва адной з галоўных перашкод для аднаўлення пасажырскага руху праз мяжу называюць пагрозу нелегальнай міграцыі.
Тым не менш у беларускіх афіцыйных СМІ перыядычна з'яўляюцца звесткі пра нейкія перамовы і нават называюцца даты, калі пасажырскі рух праз мяжу будзе адноўлены. Польскі бок абвяргаў гэтыя заявы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут