Валанцёрка дапамагае былым палітвязням, якіх дэпартавалі ў Еўропу / LookByMedia
Палітвязні, дэпартаваныя з Беларусі, у Польшчы сутыкаюцца з немагчымасцю атрымаць у банку картку. Аднак у краіне дзейнічае гарантаванае законам права на бясплатны базавы банкаўскі рахунак. Беларуская валанцёрка, якая дапамагае былым палітвязням, вырашыла разабрацца ў гэтым пытанні. Яна падрыхтавала падрабязны гайд, у якім сабрала правілы банкаў, спасылкі на заканадаўства Еўрапейскага саюза і Польшчы, а таксама тлумачэнні ад палітыкаў і чыноўнікаў.
Цяпер з гэтым гайдам беларусы ходзяць па банках і з пераменным поспехам спрабуюць адкрыць картку. Дзесьці ўдаецца пераадолець супраціў сістэмы, а дзесьці супрацоўнікі не хочуць выконваць закон, спасылаючыся на санкцыі.
Валанцёрка сцвярджае, што пры настойлівасці адкрыць рахунак магчыма. Галоўнае — аргументавана даводзіць супрацоўнікам фінансавай установы свае правы.
Дакумент, які сведчыць асобу. Паколькі многіх беларусаў дэпартавалі без пашпарта, пры падачы на статус уцекача ім выдаюць TZTC — часовае пасведчанне асобы іншаземца. Гэта першы дакумент, знаёмы многім, так званая "зялёная кніжачка". Банк абавязаны яго прыняць.
Таксама неабходны meldunek — пацвярджэнне месца жыхарства ў Польшчы.
І бланк PESEL — пацвярджэнне прысваення ідэнтыфікацыйнага нумара.
Аднак існуе праблема: тэрмін дзеяння "зялёнай кніжачкі" складае ўсяго тры месяцы. У банку могуць спаслацца на тое, што дакумент, які сведчыць асобу, павінен мець тэрмін дзеяння не меншы як два месяцы да яго заканчэння.
У такім выпадку можна дачакацца атрымання часовага пластыкавага пасведчання, якое выдаецца ўжо на шэсць месяцаў. Па законе банк абавязаны яго прыняць.
Вядома, што ў банках Santander і Alior на запыты беларусаў пра адкрыццё базавага рахунку пацвердзілі магчымасць яго адкрыцця з указанымі вышэй дакументамі.
Беларусы Польшчы: цяпер можна падаваць падаткавыя дэкларацыі за 2025 год. А яшчэ вы можаце падтрымаць каманду Еўрарадыё без аніякіх дадатковых выдаткаў — проста накіраваўшы нам 1,5% ад падаткаў, якія вы ўжо заплацілі!
Зрабіць гэта вельмі проста: у дэкларацыі на сайце epit.podatki.gov.pl абярыце пункт, дзе вас пытаюць пра 1,5% на дабрачыннасць.
Там трэба ўвесці KRS 0000507234 і cel 137070. Вы ўбачыце арганізацыю FANIMANI — так і мусіць быць, гэта нашыя партнёры.
Дзякуй!
У Польшчы кожнаму чалавеку, які законна знаходзіцца на тэрыторыі краіны, гарантавана права на адкрыццё так званага базавага плацежнага рахунку — Podstawowy rachunek płatniczy (PRP). Гэта права замацавана ў заканадаўстве ЕС і непасрэдна рэалізавана ў польскім праве.
PRP быў уведзены як элемент фінансавай інклюзіі — каб базавыя банкаўскія паслугі былі даступныя нават тым, хто з розных прычын не можа адкрыць звычайны рахунак.
Важна: адкрыццё такога рахунку не з’яўляецца добрай воляй банка — пры выкананні ўмоў крэдытная ўстанова абавязана яго адкрыць.
Базавы плацежны рахунак уключае мінімальны, але дастатковы набор паслуг: вядзенне рахунку, дэбетавая картка, безнаяўныя пераводы і плацяжы ў злотых і ў межах ЕС. У рамках устаноўленых законам лімітаў гэтыя паслугі прадастаўляюцца без камісіі. Пры гэтым рахунак не прадугледжвае крэдытаў, авердрафту ці іншых фінансавых прадуктаў.
Паводле польскага закона аб плацежных паслугах і дырэктывы ЕС 2014/92/UE права на PRP мае фізічная асоба, якая:
законна знаходзіцца ў Польшчы;
не мае іншага плацежнага рахунку ў польскім банку;
падала заяву менавіта на podstawowy rachunek płatniczy.
Грамадзянства, наяўнасць карты побыту, PESEL, працы ці даходу не з’яўляюцца абавязковымі ўмовамі. Гэта наўпрост указана ў законе: адмова на такіх падставах лічыцца незаконнай.
Банк можа адмовіць у адкрыцці PRP толькі ў строга акрэсленых выпадках. Законнымі падставамі з’яўляюцца:
наяўнасць у заяўніка іншага плацежнага рахунку ў Польшчы;
немагчымасць ідэнтыфікаваць кліента;
абгрунтаваныя падазрэнні ў адмыванні грошай або фінансаванні тэрарызму;
падача лжывых або падробленых даных.
Пры гэтым спасылкі на ўнутраныя правілы банка, адмова адкрываць PRP у прынцыпе або навязванне платнага рахунку супярэчаць закону.
Працэдура адкрыцця PRP максімальна спрошчаная. Банк мае права патрабаваць толькі дакументы, неабходныя для сведчання асобы і пацвярджэння законнага знаходжання ў краіне, а таксама заяву аб адсутнасці іншага рахунку.
Дадатковыя патрабаванні законам не прадугледжаны.
PRP абавязаны прапаноўваць усе буйныя банкі, якія працуюць у Польшчы, у тым ліку PKO BP, Pekao, mBank, Santander, ING, Millennium, Alior, BNP Paribas і Credit Agricole.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут