Беларусаў за мяжой абавяжуць інфармаваць "органы" пра шлюбы і нараджэнні дзяцей

08/07/2024 - 19:36

Вяселле, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Беларусы, якія жывуць за мяжой, будуць абавязаныя інфармаваць "кампетэтныя органы" пра змену свайго сямейнага статусу і сваіх непаўналетніх дзяцей. Адпаведныя праўкі ў законы па шлюбных і сямейных адносінах падпісаў 8 ліпеня Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба. Асноўныя палажэнні новага закона набудуць моц з 1 студзеня 2025 года.

Уводзіцца патрабаванне інфармаваць "аб рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану ў дачыненні да сябе і сваіх непаўналетніх дзяцей у замежных дзяржавах". У Грамадзянскім кодэксе Беларусі гаворыцца, што рэгістрацыі падлягаюць такія акты грамадзянскага стану: нараджэнне, заключэнне шлюбу, устанаўленне мацярынства і (або) бацькоўства, усынаўленне (удачарэнне), смерць, змена прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку, скасаванне шлюбу ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам аб шлюбе і сям'і.

Таксама ў новых законах уводзіцца "выразны механізм адабрання дзіцяці па рашэнні камісіі па справах непаўналетніх, а таксама адзіныя патрабаванні да зместу і афармлення такіх рашэнняў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі