Расійскія салдаты, ілюстрацыйнае фота
Ва Украіне ў міжнародны вышук абвясцілі 43-гадовага грамадзяніна Беларусі Яўгена Малінковіча з Гомеля. Яго вінавацяць адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу Украіны — у парушэнні міжнародных правілаў гандлю таварамі падвойнага прызначэння і дапамозе краіне-агрэсарцы ў складзе групы паводле папярэдняй змовы.
Як перадае Радыё Свабода, расследаванне ягонай справы адбывалася завочна. Цяпер матэрыялы перадалі ў суд, і беларуса завочна арыштавалі.
Следства сцвярджае, што Малінковіч арганізаваў пастаўкі з Украіны праз Польшчу ў Расію аптычнага шкла. Яно прызначалася разанскаму ТАА "КОЛТ", якое працуе на ваенную прамысловасць Расіі. У Польшчу прадукцыю дастаўлялі грамадзяне Украіны. Следчыя кажуць пра некалькі такіх перавозак, але агульны аб’ём не ўдакладняюць. Украінцы падчас следства называлі Малінковіча "Жэнем з Гомеля".
Паводле экспертаў, шкло, якое перавозіў Малінковіч, у Расіі выкарыстоўваюць пры вытворчасці вайсковых прыладаў — кантрольных прыбораў, галовак саманавядзення ракет, оптыкі ва ўмовах ядзернага ўздзеяння.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут