Беларусь не зможа паставіць калій на заходнія рынкі нават пры жаданні — Лукашэнка

21/09/2026 - 13:47

"Беларуськалій" / Euroradio

Беларусь не змагла б паставіць калійныя ўгнаенні на заходнія рынкі, нават пры жаданні і магчымасці. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з кіраўніком Дзяржаўнага мытнага камітэта Уладзімірам Арлоўскім.

Паводле Лукашэнкі, усе аб'ёмы ўжо "закантрактаваныя". Таксама ён дадаў, што "грубыя выпады ў эканамічным дачыненні з боку краін Еўрапейскага Саюза, Захаду агулам" нікуды не зніклі.

Зацікаўленасць у пастаўках беларускага калію выказваюць Злучаныя Штаты. "Беларуськалій" стаў адным з першых прадпрыемстваў, з якога ЗША знялі санкцыі. Праўда, пастаўкам перашкаджае тое, што свае санкцыі пакінуў ЕС. Таму, як пісалі ў СМІ, пасля нядаўняй паездкі ў Беларусь спецспасланнік прэзідэнта ЗША Джон Коўл наведаў Літву і Латвію, дзе вёў перамовы пра транзіт беларускага калію.

"Наколькі я інфармаваны прэм'ер-міністрам і ўрадам, нам удалося пераарыентавацца на ўсход. Сведчаннем таму з'яўляюцца перамовы з амерыканцамі. І як тут многія крычаць: "Ах, калій!" Мы нават калі б захацелі кудысьці паставіць на іншыя рынкі, заходнія рынкі, у нас проста гэтых аб'ёмаў няма, усё закантрактавана", — сказаў 21 верасня Лукашэнка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі