Беларусь не аднаўляе закінутую чыгуначную ветку ў Літву

21/09/2026 - 17:01

Пад Гродна разбіраюць чыгуначныя шляхі, якія вялі ў Літву / onliner.by

Беларусь не аднаўляе Друскінінкайскую ветку — закінутую тупіковую чыгуначную лінію, якая калісьці вяла з Гродна ў Літву.

Інфармацыя аб тым, што Беларусь нібыта аднаўляе закінутую ветку, з’явілася ў акаўнце Х, які асвятляе навіны пра ваенныя канфлікты, і сабрала амаль 30 тысяч праглядаў. Гэтая ж навіна з’явілася на адным прарасійскім рэсурсе.

“Гэта дэзынфармацыя, лінію, наадварот, разбіраюць”, — сказалі Еўрарадыё ў Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі.

Да 1991 года з Гродна ў Друскінінкай можна было дабрацца цягніком. Але пасля распаду Савецкага Саюза і ўсталявання мяжы зносіны спыніліся. З літоўскага боку цягнікі даязджалі толькі да станцыі Марцінконіс за пяцьдзясят кіламетраў ад Гродна. Рэйкі, якія вялі ў бок Беларусі, разабралі яшчэ ў пачатку нулявых.

Шмат гадоў ішлі размовы аб магчымым аднаўленні зносін паміж Гродна і Друскінінкаем, таму што з беларускага боку рэйкі разабраны не былі. З Беларусі ў прыгранічны населены пункт Настаўнік яшчэ амаль 20 гадоў працягвалі хадзіць дызельныя цягнікі, якімі ў асноўным карысталіся дачнікі і грыбнікі.

Дызелі адмянілі толькі ў 2021 годзе. Пасля гэтага з беларускага боку таксама пачалі здымаць рэйкі і шпалы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі