Пельмені, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Беларус з нікам Oscar Lansky атрымаў прапанову працы пасля таго, як на сайце вакансій напісаў рэцэпт пельменяў "Брэсцкія падушачкі". Пры гэтым ён падаваўся на пазіцыю франтэнд-распрацоўшчыка ў IT-кампанію. Пра гэта ён расказаў у Threads.
"Напісаў у рэзюмэ рэцэпт пельменяў. Ну, а што, які рынак найму — такія і рэзюмэ. На маё здзіўленне, яно нават нейкую канверсію мае і трапляе ў выдачу. Мабыць, алгарытмы не супраць такога фармату", — пракаментаваў Oscar Lansky.
Ён паведаміў, што гэта было адно з дзесяці тэставых рэзюмэ на розных профілях па пошуку супрацоўнікаў. Ён іх апублікаваў, каб праверыць праграмы штучнага інтэлекту, якія манітораць падобныя абвесткі.
Літаральна праз дзень на яго выйшаў рэкруцёр і запрасіў мужчыну на сумоўе.
"Рэзюмэ пельменяў — фінал. Спісаўся і стэлефанаваўся з Георгіем [прадстаўнік працадаўцы], пачаў з разумным выглядам распавядаць пра досвед працы. І толькі потым ён заўважыў, што ў рэзюмэ — рэцэпт пельменяў. Пасядзелі, пасмяяліся, сышліся на думцы, што фільтры — лайно", — піша Oscar Lansky.
Ён кажа, што яму нават гатовыя былі прапанаваць працу, але ён займаецца ў іншай сферы. "У цэлым тэсты з рэзюмэ для сябе я скончыў, асабіста пераканаўся ў поўнай усратасці алгарытмаў", — рэзюмуе эксперыментатар.
Таксама ён кажа, што напісаў у рэзюмэ рэцэпт пельменяў, бо з'яўляецца менеджарам па стратэгіі і росце, і ў яго зону адказнасці ўваходзіць у тым ліку эфектыўны наём для кампаніі.
"Калі рэцэпт пельменяў абыходзіць ATS, значыць, сістэма цэніць ключавыя словы вышэй за сэнс, а некаторыя добрыя кандыдаты не даходзяць да сумоўя, таму што яны проста не дадалі патрэбныя словы і тэгі. Але пошук працы для іх ператварыўся ў псіхалагічны хорар", — дадае Oscar Lansky.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут