Беларус атрымаў 10 гадоў па рэзананснай справе ўкраінскага батальёна “Тарнада”

08/04/2017 - 11:57

Абалонскі суд Кіева вынес прысуд 12 байцам добраахвотніцкай спецроты міліцыі “Тарнада”. Сярод асуджаных і беларус Даніла Ляшук (Маджахед). Пра гэта на сваёй старонцы ў фэйсбуку паведаміў галоўны ваенны пракурор Украіны Анатоль Маціёс.

Камандзір “Тарнада” Руслан Анішчанка атрымаў 11 гадоў пазбаўлення волі, яго намеснік Мікалай Цукур — дзевяць гадоў, баец Даніла Ляшук, вядомы таксама як Маджахед, асуджаны на 10 гадоў.

Яшчэ адзін баец атрымаў дзевяць гадоў і шэсць месяцаў, тры байцы атрымалі па дзевяць гадоў, адзін — восем гадоў, астатнія чацвёра атрымалі пяцігадовыя ўмоўныя тэрміны.

“Мы паважаем рашэнне Абалонскага райсуду, але намі пасля аналізу прысуду і вывучэння дадзенага прысуду будзе пададзеная апеляцыйная скарга ў Апеляцыйны суд горада Кіева. Мы лічым, што гэта вельмі мяккае пакаранне па гэтым абвінавачванні”, — заявіў у эфіры “112 Україна” пракурор Галоўнай вайсковай пракуратуры Руслан Краўчанка.

Судовы працэс доўжыўся некалькі месяцаў і праходзіў у закрытым рэжыме. Былых байцоў “Тарнада”, якія апынуліся на лаве падсудных, абвінавацілі ў выкраданні і катаванні мясцовых жыхароў у прыгарадзе Лісічанска ў Луганскай вобласці, у марадзёрстве і групавым згвалтаванні мужчыны.

Пракуроры і суддзі, якія вядуць працэс, трапілі пад каласальны ціск з боку грамадскасці. Каля будынка суда прыхільнікі камбата, не згодныя з яго арыштам, ладзілі сутычкі з салдатамі Нацыянальнай гвардыі. Іх падтрымлівалі некаторыя дэпутаты Вярхоўнай рады.

Ляшука ўкраінскія праваахоўныя органы шукалі больш за два месяцы. Яго затрымалі ў гасцінічным комплексе пад Кіевам. Ляшука абвінавацілі ў здзяйсненні цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў у складзе злачыннай арганізацыі з ліку работнікаў міліцыі роты патрульна-паставой службы “Тарнада”.

“Менавіта Маджахед-Ляшук з надзвычайным цынізмам і дзёрзкасцю, жорсткасцю і бязлітаснасцю здзяйсняў найбольш жорсткія катаванні мясцовага насельніцтва Луганскай вобласці, арганізоўваў і браў непасрэдны ўдзел у згвалтаванні затрыманых, якіх ён разам з іншымі падазраванымі выкрадаў з карыслівых меркаванняў”, — распавёў на сваёй старонцы ў Facebook галоўны вайсковы пракурор Украіны Анатоль Маціёс.

Добраахвотніцкі батальён “Тарнада” быў створаны ў кастрычніку 2014 года ў складзе МУС Украіны. 18 чэрвеня мінулага года міністр унутраных спраў Арсен Авакаў падпісаў загад аб яго расфарміраванні, піша TUT.by
 

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі