Іна Зайцава ў БЧБ-сукенцы на пратэстах у 2020 годзе
Беларуска Іна Зайцава, вядомая з часоў пратэстаў у Беларусі як БЧБ-нявеста, была вымушаная з'ехаць з Украіны разам з мужам і двума дзецьмі. Яна сутыкнулася з той жа праблемай, што і многія беларусы ва Украіне, — не ўдалося падоўжыць від на жыхарства.
Ва Украіну сям'я паехала, ратуючыся ад рэпрэсій. Калі Расія напала на Украіну, Іна ўжо купіла там дом, і яны з мужам вырашылі не ўцякаць яшчэ і ад вайны. Цяпер легальна знаходзіцца ва Украіне немагчыма і зноў даводзіцца жыць на валізах.
Еўрарадыё паразмаўляла з дзяўчынай і даведалася, як работнікі СБУ наведваюць беларусаў ва Украіне і чаму ўкраінскія ўлады паводзяць сябе несумленна ў дачыненні да беларусаў.
Ніякіх змен у міграцыйным заканадаўстве Украіны не было, затое дыскрымінацыя беларусаў ёсць, расказвае Іна.
— За два дні да ад'езду да нас прыходзіў прадстаўнік СБУ і ўдакладняў, калі мы паедзем. Хацеў даведацца, ці не з'яўляемся мы агентамі КДБ, завербаванымі, пакуль сядзелі ў турмах. Неяк пераседзець у нашым выпадку не было магчымасці.
У сваім доме сям'я пасялілі кіяўлян, загрузіла ўсё што можна ў машыну і паехала ў Польшчу.
— Мы як тыповыя ўкраінскія ўцекачы: ніякай працы, ніякага даходу, але маладыя, здаровыя, моцныя, з рукамі, з галавой. Таму наконт працы мы не перажываем. Мы гатовыя прайсці шлях ад нуля да зорак, — усміхаецца суразмоўніца. — У Варшаве зусім ненадоўга застанёмся. Паедзем на Захад, у Еўропу. Для нас важна знайсці стабільную краіну, каб дзеці маглі нармальна вучыцца.
Іна разумее логіку ўкраінскіх уладаў, але рэалізаваная яна нецывілізавана, перакананая суразмоўніца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут