Барбі, стракозы, мядзведзь і падатак на мяса: толькі добрыя навіны

04/08/2021 - 18:48
Лыжка мёду на Еўрарадыё​

На Альманскіх балотах у Беларусі знойдзены новы від стракоз, а ў Расіі хатні кот Вася спалохаў мядзведзя і выратаваў лагер, дзе начавалі гаспадары коціка. Што агульнага ў людзей і катоў і навошта ўводзіць падатак на мяса? 

Пра гэта і не толькі — у аглядзе самых добрых, смешных, а часам абсурдных навін на Еўрарадыё.

 

Маленькая блакітная страказа

Да цяперашняга лета ў афіцыйным спісе стракоз Беларусі было толькі 67 відаў. Нядаўна арнітолаг Дзяніс Кіцель знайшоў і сфатаграфаваў 68-ы — маленькую блакітную страказу (Orthetrum coerulescens (Fabricius, 1798)).

З'яўленне гэтага віду ў нашай краіне было прадказана 15 гадоў таму. Стракозы — хуткія драпежнікі, якія, як і птушкі, могуць пераадольваць сотні і тысячы кіламетраў і тым самым пашыраць свой арэал.

Страказа / ptushki.org

Барбі супраць COVID-19

Вытворца Барбі выпусціў калекцыю лялек, якую прысвяціў медыцынскім работнікам, што дапамагаюць змагацца з каранавірусам. Адну з іх зрабілі па вобразе распрацоўшчыцы вакцыны ад каранавіруса Оксфардскага ўніверсітэта і кампаніі AstraZeneca, кіраўніцы даследчай лабараторыі Сары Гілберт.

У калекцыі ёсць яшчэ некалькі лялек, створаных у гонар жанчын, якія працуюць у сферах навукі, тэхналогій, інжынерыі і матэматыкі. 

Да прыкладу, акрамя Гілберт, у вобразе Барбі паўсталі аўстралійская стваральніца шматразовага ахоўнага касцюма для медыкаў Кірбі Уайт, бразільская вучоная-біямедык Жаклін Гоэс дэ Жэзус, амерыканскія доктаркі Эмі О'Саліван і Одры Круз, а таксама канадская лекарка Чыкі Стэйсі Орыува.

Новая Барбі / PA MEDIA

Васька і мядзведзь

У Якуціі чорны хатні кот Вася напалохаў дзікага мядзведзя і прагнаў звера ад лагера сваіх гаспадароў. Відэа гэтай сустрэчы публікуе тэлеграм-канал "Life Shot".

Верагодна, лясны госць прыйшоў на агеньчык, адчуўшы пах ежы. Аднак паабедаць ў яго не выйшла, бо кот выгнуў спіну і злосна зашыпеў на драпежніка. Мядзведзь спалохаўся і ўцёк.

Чалавек і котка

Амерыканскія вучоныя выявілі падабенства геномаў людзей і котак. 

Як адзначыў аўтар даследавання Леслі Лаянс, за выключэннем прыматаў, параўнанне чалавека і коткі з'яўляецца "адным з самых блізкіх". На яго думку, коткі часта недаацэньваюцца навукоўцамі, аднак арганізацыя геному коткі шмат у чым падобная да геному чалавека.

Напрыклад, у котак больш падобны да чалавечага інтэрвал паміж генамі. Навукоўцы мяркуюць, што гэта дапаможа расшыфраваць, што адбываецца з людзьмі. А яшчэ коткі прывязаныя да чалавека і больш даступныя для вывучэння, чым тыя ж прыматы.

Што гэта дае? Геноміка котак валодае вялікім патэнцыялам і шматспадзеўнымі для развіцця медыцыны чалавека і біялогіі млекакормячых.

Падатак на мяса!

У Расіі дапусцілі з'яўленне падатку на мяса. Гэта дапаможа стрымліваць змены клімату. Паводле слоў спецпрадстаўніка прэзідэнта Расіі па пытаннях лічбавага і тэхналагічнага развіцця Дзмітрыя Пяскова, дадзеная мера можа закрануць сельскую гаспадарку.

"Гэта азначае, што праз некалькі гадоў мы спачатку будзем гучна абурацца, а потым вымушаныя будзем, напрыклад, прыняць падатак на мяса", — дадаў Пяскоў.

Таксама ён адзначыў, што кліматычны парадак можа змяніць сферу жывёлагадоўлі і стаць прычынай развіцця новых тэхналогій.

Мяса / daily.afisha.ru

To see this content visit the full version of this page.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі