Бацька загінулай “на бульбе” школьніцы: Мяркую, на поле вучняў ужо не адправяць

26/01/2017 - 15:04

Мінскі абласны суд не прызнаў, што загінулая “на бульбе” Вікторыя Папчэня знаходзілася на працы. Бацька дзяўчынкі Алег Папчэня ўжо некалькі месяцаў дамагаецца, каб прызналі факт працоўных адносінаў паміж яго дачкой і калгасам.

Навошта гэта трэба і да чаго прывяло, абмяркоўваем у студыі Еўрарадыё з Алегам Папчэнем, прававым інспектарам прафсаюза РЭП Леанідам Судаленкам і прадстаўніком прафсаюза на судзе Андрэем Стрыжаком.

Прапануем лепшыя цытаты з размовы:

Пра важнасць гэтых судовых працэсаў

Алег Папчэня: “Ніхто не хацеў браць на сябе віну. Таму я хацеў даказаць праз суд. Але праз нашы суды гэта не атрымалася. Мне здаецца, я маю рацыю. Але бачна, што простых людзей не слухаюць”.

Леанід Судаленка: "Мы не выйгралі справу, на жаль. Судовая сістэма сказала, што школьнікаў і надалей можна прыцягваць да такіх прац, адрываць ад вучэбнага працэсу. Спярша пракуратура нас падтрымала, а сёння – не”.

Пра вынік судоў:

Алег Папчэня: “Я думаю, больш такога не будзе. Каб школьнікаў прыцягвалі да працы, каб іх нешта прымушалі рабіць, а яны ў гэты час нават не ведалі, працуюць яны ці вучацца”.

Леанід Судаленка: “Гэты час патрацілі не дарма. Ішоў вялікі розгалас ад гэтага. Хацелася б, каб з наступнага году ніводзін школьнік не адрываўся ад вучобы”.

Андрэй Стрыжак: “Падчас працэсу ўскрылася праблема, якая існуе з прыцягненнем дзяцей да сельскагаспадарчых працаў. Існуе канфлікт паміж Міністэрствам адукацыі і яго структурнымі падраздзяленнямі”.

Пра канфлікт паміж чыноўнікамі

Андрэй Стрыжак: “Загад выканкама больш важны для аддзелаў адукацыі, чым слова Мінадукацыі. Наўпрост быў праігнараваны ліст з Мінадукацыі, што немагчыма прыцягваць дзяцей да сельскагаспадарчых спраў. Ёсць ліст, які гэта забараняў”.

 

Пра “выхаваўчую працу” на полі

Леанід Судаленка: ”Трэба любымі шляхамі забараняць свайму дзіцяці працаваць на полі ад школы. Мы бачым да якіх вынікаў гэта прыводзіць”.

Андрэй Стрыжак: “Цяпер мы будзем маніторыць сітуацыю, а ў жніўні запытаемся ва ўсіх аддзелаў адукацыі, ці ёсць цяпер такія акцыі па прыборцы ўраджаю”.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі