“Бачаць у гэтым прызнанне”. Эксперты — пра раптоўнае вызваленне Наталлі Хершэ

18/02/2022 - 14:57

Пятніца пачалася з добрых навін — з турмы раптоўна вызвалілі грамадзянку Швейцарыі і беларускую палітзняволеную Наталлю Хершэ. Еўрарадыё запыталася ў экспертаў, чаму беларускія ўлады менавіта цяпер пайшлі на такі крок і што гэта можа азначаць.

Пётр Кузняцоў: “Яны такім чынам схіляюць Захад да звыклай для Мінска мадэлі гандлю”

Палітычны аглядальнік Пётр Кузняцоў лічыць, што ў вызваленні Наталлі Хершэ няма нічога дзіўнага, бо апошнім часам да гэтага ўсё і ішло. 

— Тут не вельмі трапны тэрмін “раптам”. Бо гэта не раптам. Вызваленне Хершэ ў поўным сэнсе чакалася з таго моманту, як Швейцарыя абвясціла, што яна накіроўвае ў Мінск новага амбасадара. Вельмі шмат хто выказаў версію, што гэта звязана з важнымі перамовамі аб лёсе Наталлі, якая з’яўляецца грамадзянкай гэтай краіны, — тлумачыць палітычны аглядальнік. — Мы бачылі, што падобныя перамовы могуць быць паспяховымі, на прыкладзе Ізраіля, які дамогся вызвалення сваёй грамадзянкі — адвакаткі, затрыманай у мінскім аэрапорце з медычным канабісам. Таму ў кантэксце тых версій, якія існавалі, даволі лагічна, што працэс завяршыўся такім чынам. 

Пётр Кузняцоў кажа, што беларускія ўлады могуць успрымаць крокі, зробленыя Швейцарыяй, як пазітыўныя зрухі ў кірунку разбурэння міжнароднай ізаляцыі, у якой яны апынуліся. 

— Аб чым гэта можа казаць? Думаю, што гэта чытаецца ў паводзінах беларускіх уладаў. Яны гатовыя да такіх крокаў, калі нехта выходзіць да іх з непасрэднай камунікацыяй. Бо бачаць у гэтым хаця б якое прызнанне, нейкія крокі камунікацыі, — каментуе ён. 

На пытанне, чаму Хершэ адпусцілі менавіта цяпер, а не раней, аглядальнік адказвае:

— Мы не ведаем, як Швейцарыя перамаўлялася з беларускім бокам. Чым абстаўленыя гэтыя перамовы, якія былі ўмовы. Таму вельмі цяжка каментаваць, чаму трэба было Наталлю так доўга трымаць. Але дакладна зразумела, што, пакуль Швейцарыя не ўступіла ў гэтыя перамовы, не паказала, што яна гатовая весці на гэтую тэму нейкі дыялог, Наталля ўспрымалася як і ўсе астатнія беларусы, яе проста трымалі, і ўсё. 

Беларускія ўлады робяць дэманстрацыю, што калі з імі размаўляць, то можна вырашаць пытанні. Яны такім чынам схіляюць Захад да звыклай для Мінска мадэлі гандлю. Тое, што мы бачылі ў 2006 годзе, у 2010-м. Можа, нешта падобнае яны хочуць зрабіць і зараз. Каб Захад з імі гандляваўся за вызваленне палітвязняў. На сёння галоўная палітычная мэта для Мінска — гэта вярнуцца да кропкі “ўсё як было”, не зважаючы на тое, што адбылося ў 2020–2021 гадах. 

Аляксандр Фрыдман: “Гэта, безумоўна, яе асабістая перамога”

Гісторык Аляксандр Фрыдман згодны, што вызваленне Хершэ сапраўды такая сенсацыя, бо яшчэ на пачатку тыдня гэта нішто не прадвяшчала.

— Было цікавае інтэрв’ю з журналісткай швейцарскага канала SRF. Ёй задалі пытанне, як яна ацэньвае перспектывы вызвалення Хершэ. І журналістка адказала, што нічога з гэтага не будзе, ніякай надзеі, на ніякае вызваленне разлічваць не прыходзіцца. І тут такая навіна. Гэта нечакана, — кажа Фрыдман. — Аптымісты лічылі, што будуць уручаны швейцарскім бокам даверчыя граматы ўжо асабіста Лукашэнку. Там будзе ўзнята пытанне з Хершэ. І можа, праз пэўны час Лукашэнка зробіць такі крок і яна будзе вызвалена. А тут ішло ўсё вельмі імкліва. Хершэ прашэнне на імя Лукашэнкі не пісала. Тое, чаго чакалі беларускія ўлады, не выканана. З той інфармацыі, якая прыходзіла з Швейцарыі раней, вядома, што, калі б Хершэ напісала гэтае прашэнне на імя Лукашэнкі раней, яна, напэўна, была б ужо вызвалена. 

Аднак яна не напісала, але яе тэрмінова вызваляюць. Мне падаецца, гэта такога кшталту знешнепалітычны сігнал з боку афіцыйнага Мінска, які хоча, перш за ўсё Захаду, паказаць, што ён гатовы да размоў. Што ён гатовы да супрацоўніцтва ў пэўным сэнсе. І калі з боку Захаду будуць зроблены нейкія крокі, то можна чагосьці на беларускім напрамку дасягнуць. 

Гiсторык мяркуе, што, напэўна, “з расійскага боку настолькі падціскае і гэты знешнепалітычны крызіс вакол Украіны такі глыбокі, што Лукашэнка імкнецца дагукацца да Захаду”. 

— Была заява Макея, што расійскія войскі пакінуць Беларусь. Учора Лукашэнка казаў, што калі Захад не будзе прымаць агрэсіўных крокаў, то ён можа куды хутчэй сысці, чым там гэтага чакаюць. І вось у гэтым кантэксце яшчэ прыходзіць гісторыя з Хершэ. 

Спадзяюся, што ў яе вызваленні няма ніякага форс-мажору, што з Наталляй усё ў парадку.  Гэта магло нейкім чынам прыспешыць выхад. Калі не, то трэба сказаць, што Наталля Хершэ перамагла гэты рэжым. Гэта, безумоўна, яе асабістая перамога, яе мужны ўчынак. І застаецца спадзявацца, што шлях гэтых перамог працягнецца. І гэта на самай справе толькі пачатак.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі