Сваё выступленне палітык зрабіў на англійскай мове / LookByMedia
4 сакавіка Віктар Бабарыка прадставіў у Еўрапарламенце сваю партыю "Разам", выступіўшы з прамовай на Міжпартыйным форуме "8+100". Палітык расказаў пра тры кірункі дзейнасці партыі. Сваё выступленне ён зрабіў на англійскай мове. Пра гэта піша "Белсат".
"Першае: мы павінны працаваць над вызваленнем усіх зняволеных. Усе згодныя з гэтым. Другое: мы павінны спыніць план па стварэнні зняволеных, палітычных зняволеных. Трэцяе, вельмі, вельмі складанае: як прымусіць еўрапейскія партыі, еўрапейскія ўрады паверыць, што беларусы… што беларускі народ — гэта не рэжым. І таксама, што Беларусь — гэта адна з частак бяспекі Еўропы", — сказаў Віктар Бабарыка.
Ён адзначыў, што цяпер важна данесці да еўрапейскіх палітыкаў і кіраўнікоў урадаў думку пра тое, што Беларусь павінна быць часткай Еўропы, паколькі гэта "не толькі наша свабода, гэта бяспека Еўропы".
Палітык адзначыў важную ролю Украіны ў будучыні Беларусі.
"Для нас вельмі важна стварыць новую сувязь паміж Украінай і Беларуссю… Мы павінны разарваць прывязку Беларусі да Расіі. І абсалютна ўпэўнены, што мы можам гэта зрабіць. І мы спрабуем зрабіць усё неабходнае, каб гэта адбылося", — сказаў Віктар Бабарыка.
Сваю прамову ён завяршыў словамі "Жыве Беларусь!".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут