Аўтапрабег да Дня перамогі блакавалі каля Брэсцкай крэпасці за неаплату BelToll

07/04/2016 - 15:10

Каля Брэсцкай крэпасці транспартная інспекцыя блакавала бусік міжнароднага аўтапрабегу да Дня Перамогі. Удзельнікам аўтапрабегу паведамілі, што яны не аплацілі праезд па платнай дарозе. За гэта з іх запатрабавалі 1040 еўра, піша "Брестская газета".

Міжнародны аўтапрабег "Эстафета памяці" стартаваў 5 красавіка. Яго ўдзельнікі выехалі з Брэста, Архангельска, Севастопаля, Дэрбента і з вострава Рускі ў Прыморскім краі. У Беларусі старт эстафеце быў дадзены на плошчы Цырыманіялаў у Брэсцкай крэпасці.

Пасля завяршэння афіцыйнай часткі ўдзельнікі прабегу вярнуліся на паркоўку каля мемарыяльнага комплексу, дзе стаялі іх аўтамабілі. У гэты момант іх і спыніла транспартная інспекцыя. Яе супрацоўнікі патлумачылі, што расіяне мусілі пры ўездзе ў Беларусь атрымаць і ўсталяваць бартавую прыладу BelToll, бо агульная маса мікрааўтобуса перавышала 3,5 т. Самі ўдзельнікі аўтапрабегу кажуць, што на ўездзе ў Беларусь ім пра гэта ніхто не паведаміў, хаця акцыя была ўзгодненая з уладамі.

Намеснік начальніка філіяла Транспартнай інспекцыі па Брэсцкай вобласці Віктар Алейнік паведаміў журналістам, што мікрааўтобус "наездзіў" чатыры парушэнні. Для аўтамабіляў з дапушчальнай агульнай масай звыш 3,5 т памер платы ў павялічаным памеры складае 260 еўра за адно парушэнне.

Сведка распавёў, што супрацоўнікі транспартнай інспецыі затрымалі бусік прыкладна на тры гадзіны. Супрацоўнікі расійскага консульства, якія былі ў аўтамабілі, паабяцалі выказаць беларускаму боку ноту пратэсту з гэтай нагоды.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі