Асуджаныя на крычаўскай "хіміі" пратэстуюць супраць нізкай аплаты працы

26/07/2016 - 13:11

З пратэстам супраць нізкай аплаты і ўмоваў працы выступілі асуджаныя папраўчай установы адкрытага тыпу №45 з Крычава. Цяпер так званыя "хімікі" працуюць на падрыхтоўцы Мсціслава да "Дажынак". Аб пратэсце інфармагенцтву БелаПАН распавёў сваяк аднаго з асуджаных.

Паведамляецца, што асуджаныя працуюць рознарабочымі на рамонце будынкаў у цэнтры Мсціслава. Па словах мужчыны, яны працуюць шэсць дзён на тыдзень па 11 гадзін у дзень. За месяц яны зарабілі па 150 рублёў (дэнамінаваных). 

Учора рабочыя з ПУАТ № 45 атрымалі разліковыя лісты з заробкам 150 рублёў. Калі "хімікі" даведаліся, што заробак вольнанаёмнага рознарабочага складае 500 рублёў, яны абвясцілі байкот. Да пратэстоўцаў прыбыў пракурор Мсціслава, які паабяцаў разабрацца ў несправядлівай аплаце працы, кажа сваяк асуджанага. Але пасля гэтага адміністрацыя папраўчай установы №45 12 работнікаў, якія нібыта арганізавалі страйк, не выпусціла на працу і пагражае адправіць іх у калонію.

Таксама сваяк паведаміў, што 12 асуджаных трымаюць у месцы адбыцця пакарання ў Крычаве. У іх забралі ўсе сродкі сувязі.

Каментароў ад кіраўніцтва папраўчай установы №45 пакуль няма.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі