Арганізатар міграцыі праз Беларусь фінансаваў "Хезбалу" і "Палесцінскі Джыхад"

07/05/2024 - 10:36

Затрыманне арганізатара нелегальнай міграцыі / strazgraniczna.pl

У Германіі мясцовая паліцыя і памежная ахова Польшчы затрымалі 33-гадовага сірыйца. Польскія памежнікі называюць яго заснавальнікам міжнароднай групоўкі, якая займаецца арганізацыяй неўрэгуляванай міграцыі праз Беларусь і Польшчу ў краіны Заходняй Еўропы.

Атрыманыя грошы мужчына пераводзіў тэрарыстычным арганізацыям. "Разам з іншымі людзьмі ён перавёў не менш за 30 мільёнаў долараў ЗША ў крыптавалюце з атрыманых такім чынам сродкаў тэрарыстычным арганізацыям — узброенаму крылу "Хезбалы" і "Палесцінскаму Джыхаду", — сцвярджаюць памежнікі.

Паведамляецца, што сірыйца затрымалі падчас аперацыі, якая каардынавалася Еўрапалам і праводзілася адразу ў васьмі краінах. Арганізатараў нелегальнай міграцыі затрымалі на тэрыторыі Польшчы, Германіі, Нідэрландаў, Літвы, Латвіі, Эстоніі ды Швецыі. У Польшчы былі затрыманыя пяць чалавек, у тым ліку двое — падчас перавозкі дзесяці мігрантаў.

Следства мяркуе, што група, арганізаваная затрыманым сірыйцам, дзейнічала з сакавіка 2021 года. Да лістапада 2023-га яна перавезла каля 3,5 тысячы чалавек, у тым ліку з Сірыі, Емена і Ірака. Мігрантаў дастаўлялі ў Беларусь, адкуль яны траплялі ў Польшчу, а затым — у краіны Заходняй Еўропы. 
Затрыманы сірыец, як удакладняюць памежнікі, таксама займаўся забеспячэннем фінансавых разлікаў для іншых груповак. Ягоныя прыбыткі ад неўрэгуляванай міграцыі папярэдне ацэньваюцца ў 1,67 мільёна еўра. А агулам праз крыпта-гаманцы, якія фігуруюць у справе, прайшло каля 581 мільёна долараў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі