Арамнаў: Не думаў, што куплю квіток на БАТЭ-Барселона, але мне саступілі чаргу!

19/10/2015 - 17:02

Знакаміты беларускі штангіст, алімпійскі чэмпіён Андрэй Арамнаў адным з першых здолеў набыць квіток на гульню БАТЭ-Барселона. Нагадаем, што 19 кастрычніка у продаж трапіла больш за 300 квіткоў, якія не выкупілі каталонскія заўзятары. Продажы адбываліся ў касе “Барысаў-Арэны” і ў мінскім офісе “Цікетпро”. Усё размялі за 18 хвілін.

“Прыехаў брат з Урала, я вырашыў паспрабаваць дастаць яму квіток. Яны рэдка бачаць гульні такіх каманд. Прыйшоў да кас. І хлопцы саступілі мне чаргу. Сказалі: “Як гэта ў вас няма білета!” Ледзьве не свае прапаноўвалі. Дык у чарзе я апынуўся шостым-сёмым”, — распавядае Арамнаў.

Еўрарадыё: А каго брат будзе падтрымліваць?

Арамнаў: “Мяркую, што БАТЭ. Сам я спадзяюся, што лік будзе нічыйным і атрымаецца прыгожая гульня. Спадзяюся, каманда з нашага горада, футбалісты якой тут не жывуць, выступяць годна супраць годных сапернікаў. Увогуле лічу, што на такія матчы ганаровых грамадзян Барысава, а я такім з’яўляюся, павінны запрашаць бясплатна. Але мяне яшчэ ніколі на гульні Лігі чэмпіёнаў не запрашалі”.

Нагадаем, матч групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў паміж БАТЭ і "Барселонай" адбудзецца 20 кастрычніка на "Барысаў-Арэне". Пачатак у 21.45.

Фота: pressball.by.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі