Apple прадставіла iPhone, iPad і Apple TV новага пакалення (фота)

10/09/2015 - 08:41

У Сан-Францыска Apple прадставіла iPhone, iPad і Apple TV новага пакалення. Як інфармуе ВВС, iPhone 6S і iPhone 6S Plus маюць такі ж дызайн, што і папярэднікі (ёсць толькі адно візуальнае адрозненне ад папярэдняй версіі — новы колер — "ружовае золата"). Аднак у смартфоне змянілася "літаральна ўсё". Між іншым дэвайс абсталяваны тэхналогіяй 3D Touch, якая дазваляе вызначаць тры ступені сілы націскання. iPhone атрымаў абноўленую камеру — 12 мегапікселяў замест ранейшых 8. Яна здымае відэа з разрашэннем 4K — 4096 на 2160 пікселяў.

Новыя мадэлі iPhone пачнуць прадаваць у ЗША 25 верасня. Адзначаецца, што новая аперацыйная сістэма — iOS 9 — будзе даступная для спампоўвання 16 верасня для новых і старых смартфонаў.

Была прэзентаваная тэхналогія Live Photos The Verge, якая дазваляе ствараць жывыя "здымкі" з гукам. Больш падрабязна пра гэта гл. тут.

На прэзентацыі iPad Pro назвалі "самай вялікай навіной са свету iPad" з часу выпуску першай мадэлі. Дыяганаль экрана планшэта складае 12,9 цалі. Яго можна будзе далучаць да ўласнай клавіятуры. Акумулятар дазваляе працаваць на працягу 10 гадзінаў. iPad Pro абсталяваны датчыкам ціску.

Была прадстаўленая і тэлевізійная прыстаўка Apple TV новага пакалення. У яе інтэграваны галасавы памочнік Siri, які ўстаноўлены на смартфонах кампаніі. Ён зможа адмотваць відэа назад, шукаць фільмы з удзелам пэўнага акцёра, па галасавой камандзе паведаміць пра тэмпературу паветра за акном. Такім чынам, Apple TV набывае рысы гульнявой прыстаўкі.

Фота: Getty Images, Reuters, ERA

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі