Аперацыя "Правакацыя": як беларускія сілавікі працуюць са "схаванай пагрозай"

21/10/2020 - 14:21
Пратэсты ў Беларусі / Еўрарадыё

Другая палова 2020 года багатая на "правакацыі". Гэтае слова рэгулярна паўтараюць афіцыйныя асобы і дыктары на дзяржТБ.

16 кастрычніка, перад чарговай пратэставай нядзеляй, кіраўнік КДБ Беларусі Іван Тэртэль адкрытым тэкстам расказаў пра правакацыю, якая рыхтуецца. Маўляў, інфармацыю пра яе "ў апошнія дні мы атрымліваем з розных крыніц, у тым ліку за мяжой, ад нашых партнёрскіх спецслужбаў". Мэта — падштурхнуць пратэсты, бо ў тым жахлівым, што павінна адбыцца, "арганізатары правакацыі" і іх "куратары за мяжой" плануюць абвінаваціць беларускіх сілавікоў.

У выніку пратэставая нядзеля, 18 кастрычніка, прайшла адносна спакойна. Сілавікі хоць і ўжывалі спецсродкі, але не лютавалі, як тыднем раней. Правакацыя, на шчасце, абмежавалася інфармацыйным уздзеяннем на грамадскасць.

Але сілавікі не супакоіліся. У "Галоўным эфіры" (ужо пасля нядзельнага мітынгу) начальнік ГУБАЗіК Мікалай Карпянкоў паміж расказамі пра тое, што міліцыя зробіць з радыкалам, які ўваткне заточку ў спіну сілавіка (за два з паловай месяцы такіх не знайшлося — вось такая радыкалізацыя), згадаў, што рыхтуецца нешта крывавае: "Каб былі вялікія ахвяры, каб было шмат крыві ў гэтай сітуацыі, але яны гэта ўсё спіхнуць на органы правапарадку, што гэта міліцыя ва ўсім вінаватая".

Мільгае слова "правакацыя" і ў пратэставых чатах. Праўда, сэнс проста супрацьлеглы: маўляў, сілавікі збіраюцца падстроіць што-небудзь на вялікім мінскім маршы ў нядзелю і абвінаваціць у гэтым пратэстоўцаў.

Аказваецца, у патрэбны момант укінуць пра правакацыю — звычайная рэч для беларускіх сілавікоў. І пачалося гэта зусім не ў 2020-м.

Жнівень 2020. Ахвяраванне Ціханоўскай

"ГУБАЗіК МУС па лініі барацьбы з экстрэмізмам перахапіў паведамленне, што патрэбна сакральная ахвяра", — расказвае яшчэ 10 жніўня тагачасны кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык. Праз два месяцы Аляксандр Лукашэнка ўспамінае пра гэту гісторыю — і яна абрастае дзівоснымі падрабязнасцямі. Аказваецца, у ахвяру збіраліся прынесці Святлану Ціханоўскую: "Замысел быў тыпу Адэсы: падпаліць штаб і абвінаваціць уладу".

Але адстаўны сілавік з аховы кандыдата ў прэзідэнты пачуў нядобрае і набраў "асабіста Караева". Будынак штаба ўзяў пад ахову спецназ КДБ. Паводле афіцыйнай версіі, толькі дзякуючы яму правакацыі не здарылася.

Ліпень 2020. Тэракт ад вагнераўцаў

30 ліпеня тагачасны сакратар Савета бяспекі Андрэй Раўкоў пасля сустрэчы з кандыдатамі ў прэзідэнты расказаў пра прыблізна 200 расійскіх баевікоў, закінутых у Беларусь. 32 з іх затрымалі — яны аказаліся байцамі расійскай ПВК Вагнера. Раўкоў удакладніў, што затрыманыя ідуць па "тэрарыстычным" 290-м артыкуле.

Краіна замерла ў чаканні далейшых затрыманняў і тэрактаў. Але іх не адбылося. Дыверсійныя групы растварыліся ў інфапрасторы. А 14 жніўня стала вядома, што і тых "вагнераўцаў", якіх удалося затрымаць, перадалі Расіі.

Сакавік 2017. "Фрау А." і "Белы легіён"

"Я, фрау А., хачу паведаміць вам, што пасля маіх гутарак з французскім грамадзянінам Л. я даведалася пра падрыхтоўку правакацый і запланаваны пераварот у Беларусі. Гэта адбудзецца 25.03.2017. Запланаваныя правакацыі могуць адбыцца падчас дэманстрацый". Такі ліст "невядомай добразычліўкі" быў адпраўлены ў адміністрацыю Лукашэнкі 16 сакавіка. Крыху пазней яго апублікавала газета АП "СБ. Беларусь сегодня".

Так у разгар "дармаедскіх" пратэстаў і напярэдадні Дня Волі пачалася "справа Белага легіёна". Было затрымана 35 "баевікоў", іх абвінавачвалі ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў і ў арганізацыі незаконнага ўзброенага фармавання.

У лістападзе 2017 года, калі напружанне ў грамадстве спала, крымінальны пераслед "легіёнаўцаў" спынілі. Пра "фрау А." сілавікі больш не ўспаміналі.

2014. "Хакейны тэракт"

Старшыня КДБ Валерый Вакульчык расказаў пра прадухіленне тэракта падчас чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску.

Пасля чэмпіянату свету па хакеі 2014 года ў Мінску кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык расказаў, што сілавікі ні многа ні мала прадухілілі тэракт. Нібыта ў Польшчы было атрымана паведамленне пра падрыхтоўку тэракта падчас чэмпіянату.

"На працягу сутак быў устаноўлены той, хто пакінуў гэта тэлефоннае паведамленне. Ён знаходзіўся на тэрыторыі ЕС. Мы дастаткова хутка разабраліся з гэтай сітуацыяй", — сказаў Вакульчык.

Ён дадаў, што гэта быў не адзіны інцыдэнт на мінулым чэмпіянаце. Але з усімі складанасцямі сілавікі справіліся, абапіраючыся на досвед правядзення Алімпіяд і дзякуючы дапамозе ФСБ Расіі.
 

2012. Небяспека на поўдні

Нам удалося знайсці згадкі пра два тэракты, прадухіленыя беларускім КДБ у 2012 годзе. Абодва яны нібыта павінны былі адбыцца на поўдні Беларусі.

Па словах тагачаснага старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка, анархіст (асоба не раскрываецца) збіраўся ажыццявіць тэракт у Гомелі ўночы на 1 студзеня 2012 года, але перашкодзілі доблесныя чэкісты. А бліжэй да сярэдзіны года было абвешчана пра затрыманне мужчыны, які збіраўся ўзарваць аддзяленне міліцыі ў адным з райцэнтраў Гомельскай вобласці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі