Апазіцыя падала новую заяўку на Дзень Волі

28/02/2018 - 12:30

Прадстаўнікі апазіцыйных арганізацыяў падалі новую заяўку на правядзенне вулічнай акцыі на Дзень Волі. Пра гэта яны паведамілі на прэс-канферэнцыі 28 лютага. 

Як паведамлялася раней, сёння заяўнікі атрымалі адмову на заяўку, пададзеную 25 студзеня. 

Па словах кіраўніка АГП Анатоля Лябедзькі, новая заяўка ў Мінгарвыканкам ужо пададзеная. "Ёсць абяцанне, што яна будзе разгледжаная не за пяць дзён да мерапрыемства, а раней", — дадаў ён.

Старшыня руху "За свабоду" Юрый Губарэвіч паведаміў, што заяўка пададзеная на мітынг і канцэрт на пляцоўцы каля Опернага тэатра 25 сакавіка. Арганізатары просяць дазволу правесці святкаванне з 14.00 да 19.00. Меркаваная колькасць удзельнікаў — 25 тысяч чалавек. Заяўнікамі выступілі пяць арганізацыяў — ГА БНФ "Адраджэнне", інфармацыйна-асветніцкая ўстанова "Амарока", рух "За свабоду", Аб'яднаная грамадзянская партыя і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя ("Грамада"). 

Арганізатары падалі заяўку на выкарыстанне гукаўзмацняльнай апаратуры. Таксама просяць арганізаваць выязны гандаль і харчаванне. У чыноўнікаў просяць дазволіць шэсце ад сквера Янкі Купалы да пляцоўкі каля Опернага тэатра. "Гэта ў інтарэсах самога Мінгарвыканкама", — дадаў Губарэвіч. 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі