Анжаліка Мельнікава ў студыі Еўрарадыё / Еўрарадыё
Зніклую экс-спікерку Каардынацыйнай рады Анжаліку Мельнікаву неаднойчы бачылі ў Мінску цягам зімы–вясны бягучага года. Пра гэта Еўрарадыё распавялі дзве не звязаныя паміж сабой крыніцы.
Адна з іх не стала пераказваць дэталі сустрэчы, бо баіцца за сваю бяспеку. Іншая ж бачыла былую дзяячку дэмакратычных сіл у сакавіку 2026 года ў мацоўні GYM24 каля станцыі метро “Усход”. Была нават спроба яе лепей разгледзець, але адна з трэнерак залы без тлумачэнняў не дазволіла да Мельнікавай наблізіцца. З той жа мацоўні некалькі тыдняў таму з’явілася фота Мельнікавай.
Ініцыятыва BELPOL адмовілася пракаментаваць Еўрарадыё версію, што Анжаліка Мельнікава знаходзіцца ў Беларусі, але пад поўным кантролем з боку КДБ.
“Нам адказаць няма чаго. Нам усё роўна, там яна ці не”, — зазначыў прадстаўнік арганізацыі Уладзімір Жыгар.
Кіраўнік ініцыятывы BYPOL і польскай дэтэктыўнай агенцыі “Рэкс” Аляксандр Азараў таксама не стаў нічога каментаваць, хоць бачыў паведамленне ад журналіста Еўрарадыё.
Адзначым, што “выпадковае” фота з Мельнікавай, як і яе “выпадковыя выхады ў горад”, з’явілася толькі пад кампанію перад выбарамі ў Каардынацыйную раду. У 2025 годзе, восенню і зімой, яе ніхто не бачыў. Не выключана, што яе спецыяльна “зліваюць” у інфармацыйнае поле дзеля дыскрэдытацыі дэмсіл і асабліва КР.
Спікерка Каардынацыйнай рады і прадстаўніца Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Анжаліка Мельнікава пакінула Польшчу ў сакавіку 2025 года, пераляцеўшы на востраў Шры-Ланка, а адтуль у Дубай, дзе яе сляды зніклі. Перад сваім знікненнем яна (сама ці пад ціскам) зняла з рахункаў свайго фонду каля 150 тысяч долараў, якія пазней былі выведзены на іншыя рахункі.
Праз год пасля знікнення з’явіліся яе фота, нібыта зробленыя ў новай сталічнай трэнажорнай зале GYM24 каля станцыі метро “Усход”. Таксама яе прысутнасць у Мінску пацвердзіў журналістам “Нашай Нівы” бацька Мельнікавай, аднак дадаў, што патэлефанаваць дачцэ не можа: гэта робіць яна сама з закрытага нумара. “Зеркало” паведамляла, што на імя Анжалікі былі набыты дзве дарагія кватэры ў Мінску
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут