Андрэева: Адаптавацца да новых умоваў я за гэты час навучылася

20/04/2026 - 16:23

Кацярына Андрэева / Facebook

Журналістка “Белсат” і вызваленая 19 сакавіка палітвязніца Кацярына Андрэева зрабіла свой першы допіс у Facebook.

У ім яна на пачатку прыгадала кнігу “Гэта было назаўжды, пакуль не скончылася”, якую параіў прачытаць Ігар Ільяш, муж і палітзняволены.

“Намёк празрысты: маўляў, не паспееш заўважыць, як тое, што здавалася бясконцым — рассыпецца ў імгненне вока. Быў, хіба, год 23-ці. Для нас — найцяжэйшы і самы безпрасветны перыяд: страта блізкага чалавека, хваробы, мой другі тэрмін. Але недзе глыбока, пад слоем цемры, захоўвалася маленечкая надзея на святло. Ігар не даваў ёй згаснуць”, — напісала Кацярына.

Былая палітзняволеная прыгадала, што менавіта словы “мой муж” былі першымі, якія яна сказала амерыканскай дэлегацыі на мяжы.

“Пазней, у звароце да Трампа, акрамя падзякі за вызваленне чарговай партыі беларускіх палітвязняў (і ўласнае), у непублічнай частцы я пералічыла пайменна тых, каго ведаю асабіста і за каго баліць сэрца. Спадзяюся, наперадзе нас чакаюць добрыя навіны. Бо колькі ж можна ўжо кепскіх навінаў?”

Кацярына паведаміла, што пакуль не збіраецца пісаць кнігу, бо “гісторыя не скончаная”, але плануе вярнуцца ў прафесію.

“Журналістыка — частка маёй ідэнтычнасці. Як быць жанчынай або быць беларускай. Кажуць, журналісцкая праца цяпер моцна змянілася? Ну, што ж, выклік прыняты. Адаптавацца да новых умоваў я за гэты час навучылася”.

Напрыканцы Андрэева падзякавала ўсім за падтрымку, у тым ліку, калегамі, сябрам і сям’і.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі