Аляксандра Фядуту і яшчэ сем чалавек прызналі палітвязнямі

20/04/2022 - 13:42

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі восем чалавек. Гэта Аляксандр Фядута, Уладзімір Гундар, Павел Кучынскі, Яўген Клімаў, Сяргей Санюта, Святаслаў Шубіч, Алег Нічыпорка, Аляксей Храловіч.

Клімава, Санюту і Шбіча асудзілі за выказванні ў сацсетках (у Шубіча — яшчэ і захоўванне нязначнай колькасці наркотыкаў без мэты збыту). 

Нічыпорка асуджаны за пратэсныя надпісы і здзек з дзяржаўных сімвалаў. На судзе ён заявіў, што паказанні даў пад катаваннямі.

Экс-супрацоўнік КДБ Храловіч асуджаны за перадачу ТГ-каналам тэлефонных размова Наталлі Эйсмант (прэс-сакратара Лукашэнкі) і Дзмітрыя Баскава, якія даказвалі іх прысутнасць на "Плошчы Перамен", калі там да смерці быў збіты Раман Бандарэнка.

Тры чалавекі залічаныя ў спіс палітвязняў у сувязі з цяжкімі хваробамі. 

Уладзімір Гундар — паплечнік Мікалая Аўтуховіча. Гундар мае інваліднасць, больш за год знаходзіцца ў СІЗА, прычым следчыя дзеянні з ім практычна не праводзяцца.

Павел Кучынскі мае анкалагічнае захворванне. У Аляксандра Фядуты — цяжкія хранічныя захворванні, прычым следчыя дзеянні з ім таксама амаль не праводзяцца, хаця за кратамі ён знаходзіцца ўжо больш за год.

На сёння ў Беларусі 1135 прызнаных палітычных вязняў. Насамрэч колькасць людзей, якія праходзяць па разнастайных палітычных справах, у некалькі разоў большая.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі