Войска, ілюстрацыйнае фота / obyektiv.press
За 10 гадоў, якія ў Беларусі дзейнічае закон "Аб альтэрнатыўнай службе", прайсці яе змаглі толькі 345 прызыўнікоў. Такую лічбу назваў начальнік упраўлення Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Сяргей Кацко.
"Альтэрнатыўшчыкам не становяцца проста па жаданні — для гэтага патрэбныя глыбокія рэлігійныя перакананні, якія не дазваляюць трымаць зброю або яе вырабляць. Гэта вызначае прызыўная камісія", — перадае словы Кацко дзяржаўнае інфармагенцтва БЕЛТА.
Тэрытарыяльна найбольшая колькасць альтэрнатыўшчыкаў паходзіць з Гродзенскай вобласці — 85 чалавек.
Каля паловы прызыўнікоў, якія праходзяць альтэрнатыўную службу, складаюць хрысціяне веры евангельскай, яшчэ 27% — сведкі Іеговы. Таксама ёсць евангельскія хрысціяне-баптысты, праваслаўныя і прадстаўнікі іншых канфесій, кажа чыноўнік.
Большасць альтэрнатыўшчыкаў (больш за 54%) працуе на аб'ектах аховы здароўя. Акрамя таго іх адпраўляюць у пансіянаты, тэрытарыяльныя цэнтры сацабслугоўвання насельніцтва, на аб'екты жыллёва-камунальнай і лясной гаспадаркі.
Альтэрнатыўная служба ў Беларусі складае 36 месяцаў для грамадзян без вышэйшай адукацыі і 24 месяцы для тых, хто мае вышэйшую адукацыю. Гэта ў два разы болей за звычайную тэрміновую службу (18 і 12 месяцаў адпаведна).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут