Алігарх Гуцэрыеў прапаноўваў амерыканцам здаць планы Лукашэнкі і Пуціна

03/10/2024 - 14:33

Аляксандр Лукашэнка і Міхаіл Гуцэрыеў / Sputnik

Расійскі мільярдэр Міхаіл Гуцэрыеў таемна вёў перамовы з амерыканскім ФБР і чэшскімі спецслужбамі. Ён прапаноўваў перадаць ім сакрэты Лукашэнкі і Пуціна ў абмен на зняццё заходніх санкцый з сябе і свайго бізнесу. Пра гэта чэшскія выданні Denik N і Respekt даведаліся з закрытых дакументаў чэшскай паліцыі і спецслужбаў.

Паведамляецца, што перамовы паміж Гуцэрыевым і ФБР вяліся ўжо ў 2022 годзе. Пасярэднікам у іх выступалі чэшскія спецслужбы і двайны агент з Грузіі, які працаваў у Нацыянальным цэнтры па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю ў Празе (NCOZ).

Паведамляецца, што грузінскі агент дапамог Гуцэрыеву двойчы сустрэцца з прадстаўнікамі ФБР пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну. Алігарх прапаноўваў амерыканцам інфармацыю пра планы Пуціна і Лукашэнкі. Аднак дамовіцца бакам не ўдалося, і санкцыі з Гуцэрыева так і не знялі.

Гуцэрыеў — даўні сябар Лукашэнкі. Гэта стала асноўнай падставай для санкцый, якія Еўрасаюз увёў супраць яго 21 чэрвеня 2021 года — тады пакет санкцый быў уведзены ў тым ліку за вымушаную пасадку рэйсу Ryanair у Мінску, на якім ляцеў Раман Пратасевіч

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі