Актывістку "Звяна" Юлію Сяменчанка арыштавалі на 14 сутак

06/12/2021 - 16:17

Актывістку грамадскага аб'яднання "Звяно" Юлію Сяменчанка арыштавалі на 14 сутак, паведамляе дырэктарка аб'яднання Таццяна Гацура-Яворская.

Юлія з'яўляецца адной з з фігурантак крымінальнай справы супраць "Звяна", яе затрымалі ў пятніцу, 3 снежня. Каля 7.30 раніцы да дзяўчыны прыйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіКу, правялі ператрус і павезлі на допыт. Сяменчанка адмовілася даваць паказанні без адвакату. Потым яе перавезлі ў Ленінскае РУУС, дзе склалі пратакол паводле артыкула 19.1 КаАП (дробнае хуліганства).

Гацура-Яворская адзначае, што згодна з паказаннямі сведак і пратаколам, Юлія нібыта сама прыйшла ў РУУС, дзе пачала "паводзіць сябе агрэсіўна і задзірліва, гучна крычаць, нецэнзурна лаяцца". Акрамя гэтага, рапарт быў датаваны 13 снежня, таму суд зрабіў перапынак, каб выправілі памылкі.

У панядзелак суд Ленінскага раёна прысудзіў Сяменчанка 14 сутак арышту. Дырэктарка аб'яднання лічыць, што ўвесь гэты час на Юлію будзе аказвацца псіхалагічны ціск. 

Як паведамляла Еўрарадыё, 5 кастрычніка Мінскі гарадскі суд прыняў рашэнне ліквідаваць арганізацыю "Звяно". Гэта была апошняя праваабарончая арганізацыя, якая мела легальны статус у Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі