Пікет каля амбасады Беларусі ў Грузіі 25 сакавіка 2026 года / Раман Кісляк
Беларусы Грузіі 25 сакавіка правялі каля амбасады РБ у Тбілісі пікет, прысвечаны Дню Волі. Ахова амбасады спрабавала прагнаць удзельнікаў, але паліцыя іх патрабаванне фактычна не падтрымала, паведаміў выданню "Позірк" праваабаронца Раман Кісляк.
Ён адзначыў, што акцыя ўпершыню праводзілася паводле абноўленых правілаў. Раней у паліцыю трэба было паведамляць, калі сход праходзіць на праезнай частцы і перашкаджае руху транспарту. Цяпер патрабаванне распаўсюдзілася і на пешаходную частку дарогі.
Кісляк кажа, што паліцыю паінфармавалі, а на акцыю каля амбасады прыйшлі тры актывісты дыяспары са сцягамі і свісткамі.
"Там даволі вузкая вуліца, але ёсць дзе размясціцца. Супрацоўнікі аховы прасілі перайсці на другі бок. Яны прызвычаіліся ўсіх адпраўляць, а мне падабалася на гэтым баку. Я лічыў, што гэта найлепшае месца. Узнікла спрэчка, яны сказалі: "Мы выклічам паліцыю". Я сказаў: "Добра, выклікайце". Я таксама патэлефанаваў па нумары 112. Прыехала і крымінальная, і патрульная паліцыя", — расказаў Кісляк.
У выніку паліцэйскія толькі папрасілі не перакрываць выезд з амбасады. Актывіст кажа, што супрацоўнікі амбасады ад’язджалі на двух мікрааўтобусах з танаванымі шыбамі і бачылі акцыю, хаця і не выйшлі.
Паводле яго, пікетам цікавіліся мінакі. Некалькі беларусаў, якія прайшлі міма, сказалі: "Жыве Беларусь!"
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут