Кароткі агляд сусветных навін / Еўрарадыё
На гэтым тыдні ўсе позіркі былі прыкаваныя да беларускай мяжы. Але за гэтай мяжой тым часам адбылося нямала цікавага. Расказваем пра галоўнае.
Не, не на мяжы Беларусі і Польшчы — у Афганістане. Чатыры краіны — Расія, Кітай, ЗША і Пакістан — сустрэліся, каб абмеркаваць, як дапамагчы Афганістану. Нядаўна такая сустрэча — толькі без удзелу ЗША — праходзіла ў Маскве.
Якія вынікі гэтым разам? Па-першае, бакі выказалі заклапочанасць. Гэтым, на шчасце, справа не абмежавалася. Па-другое, бакі віталі неадкладнае аказанне міжнароднай супольнасцю гуманітарнай дапамогі Афганістану. Таму што краіна стаіць на мяжы эканамічнага калапсу.
Гэта значыць, што больш за 22 млн чалавек могуць сутыкнуцца з пагрозай голаду.
Ёсць заклікі і да талібаў. Па-першае, ім пара пачаць супрацоўнічаць з іншымі афганцамі і сфармаваць нармальны ўрад, які паважае правы ўсіх людзей. Па-другое, паклапаціцца пра тое, каб па ўсёй краіне функцыянавалі аэрапорты, у якія астатні свет павязе гуманітарную дапамогу.
Калі гэта партугальскія сацыялісты, то вашаму працадаўцу забароняць тэлефанаваць вам ці адпраўляць лісты на электронную пошту ў непрацоўны час. Санкцыя за парушэнне гэтага правіла — штраф.
А яшчэ і запатрабуюць, каб у выпадку дыстанцыйнай працы вам пакрывалі выдаткі на перарасход электраэнергіі. Сацыялізм з чалавечым тварам. Праўда, ужо зімой Партугалію чакаюць датэрміновыя выбары, і ці перажыве іх цяперашні ўрад, пакуль незразумела. Але пра гэта мы раскажам вам налета.
Былы дзяржсакратар пры Дональдзе Трампе — Майк Пампеа — моцна схуднеў за лічаныя месяцы. Гэта справакавала чуткі: ці не збіраецца ён балатавацца ў прэзідэнты? Сам Трамп таксама збіраецца балатавацца. А з ім і Майк Пэнс, экс-віцэ-прэзідэнт. З нецярпеннем чакаем праймерыз рэспубліканцаў!
У Кітаі пра новых правадыроў думаць не маюць намеру. Сусветныя СМІ абмяркоўваюць "гістарычную рэзалюцыю", якую прынялі ў краіне. Гэта дакумент, які выкладае стагадовую гісторыю партыі, распісвае яе дасягненні і планы на будучыню.
Гэта трэці такі дакумент за ўсю гісторыю партыі. Першую такую рэзалюцыю прыняў Маа Цзэдун у 1945 годзе, другую — Дэн Сяапін у 1981-м.
Заходнія СМІ лічаць, што, раз гэта толькі трэці такі дакумент у гісторыі, яго стварылі, каб паставіць старшыню Сі побач з заснавальнікам партыі Маа.
У 2018 годзе Кітай адмяніў абмежаванне, якое дазваляла старшыні ўзначальваць партыю толькі два тэрміны. Цяпер Сі тэарэтычна можа заставацца ва ўладзе ўсё жыццё.
З розных краін прыходзяць навіны пра каранцін. Але мы раскажам вам пра пінгвіня, якое так хацела падарожнічаць, што дабралася з Антарктыды ў Новую Зеландыю — за тры тысячы кіламетраў.
Яго знайшлі на пляжы зусім змучаным. Людзі спачатку падумалі, што гэта мяккая цацка, а потым цацка павярнула галаву. У пінгвіна была нястача вагі і абязводжванне. Цяпер яго выходжваюць і кормяць — а потым выпусцяць на бяспечным пляжы далей ад сабак.
Гэтая мілая гісторыя спецыялістаў занепакоіла. Такое падарожжа ў Зеландыю — усяго трэці выпадак у гісторыі. Але прафесар заалогіі Універсітэта Атага Філіп Сэдан сказаў Guardian, што, калі гэта выключэнне стане правілам, навукоўцам трэба будзе высветліць, якія змены адбыліся ў акіяне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут