Лета / unsplash
Сітуацыя з шэнгенскімі візамі ў параўнанні з мінулым годам зрабілася толькі горшай, кажа Еўрарадыё галоўная рэдактарка Visa Flow Анастасія Лысакоўская. Таму адпачынак у Еўропе для беларусаў сёлета падаражэе. Даражэйшымі могуць зрабіцца і бязвізавыя краіны, бо на іх вырасце нагрузка.
— Сітуацыю ратуе адкрыццё новых кірункаў — напрыклад, Амана. Можна знайсці пакет за 1-1, 4 тыс. еўра. Але адпачыць, як раней, турам за 500-800 еўра ўжо не выйдзе, — кажа суразмоўца Еўрарадыё.
Мы ведаем, што вы ўжо стаміліся і, бывае, падумваеце пра тое, дзе праведзяце лета. Распыталі Анастасію, колькі грошай трэба адкласці беларусу, каб пачаць планаваць адпачынак.
Без панікі. Заўсёды ёсць магчымасць злавіць тур "апошняй хвіліны". А калі вы не можаце дазволіць сабе раскошу ўсё кінуць і ў апошні момант сарвацца на мора? Тады разлічвайце, што добры пакет на аднаго чалавека абыдзецца як мінімум у тысячу еўра — і вышэй.
— І я не думаю, што гэтыя цэны будуць апускацца. Так што так, пакуль падарожжа — гэта дорага, асабліва калі ў вас няма шэнгена, — кажа Анастасія.
Мы спыталі ў Анастасіі, які варыянт адпачынку яна параіла б сябрам — пакет "пад ключ" ва ўмоўны Аман або Арабскія Эміраты альбо самастойнае падарожжа лаўкостам на Мадэйру?
— Усё залежыць ад запыту. Калі гэта вандроўнікі без дзяцей, я б прапанавала адкрыць візу і паляцець на Мадэйру. Калі гэта сям'я з дзецьмі, то, вядома, пакетны тур для іх быў бы нашмат камфортнейшы. Бо, каб трапіць у варшаўскі аэрапорт, трэба будзе мінімум 10 гадзін правесці на мяжы — і потым яшчэ 5 гадзін ляцець да Мадэйры.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут