Ад байкоту да сувеніра: 5 спосабаў пратэставага галасавання і што за гэта будзе

11/06/2020 - 14:51
Уладзімір Някляеў / РІА Навіны

Многія палітыкі называюць байкот выбараў эфектыўным сродкам супраць фальсіфікацый. Маўляў, немагчыма незаўважна "намаляваць" яўку 80%, калі на ўчасткі прыйшло толькі 30%. "Магчыма ўсё!" — пярэчаць ім скептыкі. І называюць некалькі іншых спосабаў пратэставага галасавання:

— прагаласаваць супраць усіх;
— сапсаваць бюлетэнь;
— забраць бюлетэнь з сабой;
— перад тым як апусціць запоўнены бюлетэнь у скрыню, паказаць яго назіральнікам.

А гэта ўсё не супрацьзаконна? Разбіраемся, як зрабіць так, каб ваш пратэставы голас пачулі, і што за гэта будзе.
 

Сапсаваны бюлетэнь

Да гэтай тактыкі звярталіся не толькі шараговыя выбаршчыкі, але і кандыдаты ў прэзідэнты. У 2010 годзе Уладзімір Някляеў перад журналістамі сінім маркерам выкрасліў з бюлетэня Аляксандра Лукашэнку. І напісаў на бюлетэні: "Новыя выбары без Лукашэнкі".

У прававым аддзеле Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Еўрарадыё расказалі, што гэта не зусім законна:

— Калі бюлетэнь сапсаваны дэманстратыўна, можа быць складзены пратакол за парушэнне заканадаўства аб выбарах. Але яго могуць і не скласці. У нас канкрэтна няма правілаў, як абыходзіцца з бюлетэнем.

У ЦВК дадаюць, што дэманстратыўнае псаванне бюлетэняў можа быць расцэненае як парушэнне правілаў агітацыі. Але ў заканадаўстве гэта шэрая зона: у Выбарчым кодэксе нічога канкрэтнага на гэты конт няма, а ў Адміністрацыйным кодэксе наогул не згадваецца слова "бюлетэнь". "Кожная сітуацыя будзе вырашацца з улікам усіх дэталяў", — канкрэтызуюць у Цэнтрвыбаркаме.

Перад выбарамі 2015 года ЦВК тлумачыў, якія бюлетэні прызнаюцца несапраўднымі:

— калі знак пастаўлены больш чым у адным квадраце;
— калі знак не пастаўлены ні ў адным з квадратаў;
— калі бюлетэнь адрозніваецца па памеры, колеры, якасці паперы, друкарскім шрыфце;
— калі на адваротным баку адсутнічаюць подпісы сяброў участковай камісіі.

Сапраўдны бюлетэнь ці не — вырашае выбарчая камісія. Калі выбаршчык выпадкова сапсаваў бюлетэнь і падышоў з гэтым пытаннем да камісіі, яна мае права выдаць яму новы, а стары ўлічыць як несапраўдны. А калі сапсаваны бюлетэнь дастаюць са скрыні пры падліку галасоў, сябра камісіі павінен абвясціць пра гэта і апісаць дапушчанае парушэнне. Напрыклад: "Вось глядзіце, тут птушка стаіць, але яна за два сантыметры ад квадраціка". Далей камісія галасуе: усё ж улічыць голас (выбаршчык прагаласаваў, але прамахнуўся) або падыходзіць фармальна (знака ў квадраце няма — значыць, не прагаласаваў).

Скрыня для датэрміновага галасавання / Еўрарадыё

— У 2004 годзе, калі быў рэферэндум пра тое, каб пераабірацца звыш двух тэрмінаў, была кампанія па псаванні бюлетэняў, ініцыяваная Зянонам Пазняком. Трэба было разрэзаць бюлетэнь, палову кідаць у скрыню для галасавання, а другую палову аддаваць у штаб каардынатарам. Такі бюлетэнь лічылі сапсаваным падчас падліку, — расказвае палітолаг Юрый Чавусаў. — Гэта такая легальная форма выказвання нязгоды з працэдурай галасавання, але ў Беларусі яна ніколі не была масавай.

Калі верыць афіцыйным вынікам прэзідэнцкіх выбараў, грамадзяне Беларусі сапраўды не псуюць шмат бюлетэняў. У 2015 годзе несапраўднымі былі прызнаныя 48 808 бюлетэняў (0,8%), у 2010 годзе — 62 542 (0,97%).
 

Забраць бюлетэнь з сабой

Яшчэ адна форма пратэставага галасавання — вынесці свой бюлетэнь з участка. Закон не забараняе гэтага рабіць незалежна ад матыву, з якім вы хочаце пакінуць бюлетэнь сабе на памяць: у знак пратэсту ці як сувенір.

ЦВК таксама не бачыць у такіх дзеяннях выбаршчыка парушэння закона. Хоць там і не разумеюць, навошта гэта рабіць:

— Вось ён забраў [бюлетэнь] і выйшаў. За ім ніхто не будзе гнацца, — каментуюць у Цэнтрвыбаркаме.

А матывацыя можа быць такая. На кожным бюлетэні з адваротнага боку ёсць роспісы двух сяброў участковай камісіі. Інакш кажучы, нескладана даведацца, з якога ўчастка вынесены бюлетэнь. Калі выбаршчыкі з аднаго ўчастка арганізуюцца і вынесуць прыкметны адсотак бюлетэняў — можна будзе праверыць па выніковым пратаколе, ці ўлічыла гэта выбарчая камісія. Калі раптам не — лічыце, што даказалі, што рэальна галасы ніхто не лічыў і вынікі галасавання на ўчастку сфальсіфікаваныя.

На мінулых выбарах у Беларусі здаралася, што сябры выбарчых камісій забаранялі выбаршчыкам выносіць бюлетэні з участкаў, пагражаючы штрафамі і затрыманнямі.

Галасаванне на датэрміновых выбарах / Еўрарадыё

Паказаць запоўнены бюлетэнь назіральнікам

Выбаршчык атрымлівае бюлетэнь, заходзіць у кабінку для галасавання і робіць свой выбар. Але перад тым як кінуць бюлетэнь у скрыню, ідзе да назіральнікаў і паказвае ім, за каго прагаласаваў. Калі так зробяць многія — назіральнікі будуць ведаць, колькі выбаршчыкаў дакладна прагаласавала за таго ці іншага кандыдата. І змогуць параўнаць іх колькасць з адсоткам, пазначаным у выніковым пратаколе.

— Адзінкава такое бывае, я быў сведкам такога. Але звычайна сталы назіральнікаў ставяцца такім чынам, каб пайсці да назіральнікаў з бюлетэнем, ды тым больш па дарозе паставіць птушку было нязручна, — кажа Юрый Чавусаў. — Сталы ставяцца звычайна так, каб чалавек пайшоў у кабінку, а потым аднёс бюлетэнь да скрыні для галасавання, а не да назіральніка.

Але ніхто ж і не казаў, што пратэставаць лёгка і прыемна?

У Выбарчым кодэксе няма ні слова пра тое, што паказваць запоўнены бюлетэнь назіральнікам забаронена.

Аднак Юрый Чавусаў лічыць, што, калі гэта прыме масавы характар, участковыя камісіі пачнуць з гэтым змагацца. Напрыклад, выдаляючы назіральнікаў на падставе таго, што яны "не могуць весці апытанне выбаршчыкаў" або "не маюць права прадпрымаць дзеянні, якія парушаюць таямніцу галасавання". Такія пункты ў Выбарчым кодэксе ёсць.

— Магчыма, у прыватным, адзінкавым выпадку гэта пройдзе, але калі гэта робіцца як масавая кампанія — гэта будзе хутка спынена, — мяркуе палітолаг.

У прававым аддзеле Цэнтральнай выбарчай камісіі нам пацвердзілі, што выбаршчык такім чынам нічога не парушае. Але затое дэманстрацыю бюлетэня можна расцаніць як парушэнне назіральнікам таямніцы галасавання:

— Тут нават ёсць элемент агітацыі, але гэта ўсё вырашаецца канкрэтна, па сітуацыі.
 

Супраць усіх

Распаўсюджаны і самы законны варыянт пратэставага галасавання — паставіць птушку ў квадрацік "Супраць усіх". Не падыходзіць тым, хто не хоча спрыяць павелічэнню яўкі або лічыць, што пратэставы голас усё роўна не ўлічаць.

Дарэчы, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына — прыхільніца гэтай графы ў выбарчым бюлетэні і падымаць пытанне аб тым, каб прыбраць яе, не плануе:

— Адмова ад такой графы недэмакратычная ў дачыненні да саміх выбаршчыкаў.
 

Не хадзіць на выбары наогул

Варыянт, які больш за ўсё не падабаецца Цэнтрвыбаркаму.

— Лічыць магчымым і мэтазгодным вядзенне перадвыбарнай агітацыі, накіраванай на зрыў выбараў — нонсэнс, гэта супярэчыць духу закона і літары закона. Выбары — гэта дарагое дзяржаўнае мерапрыемства, ад яго залежыць лёс краіны, і зрываць яго толькі таму, што выбары камусьці не падабаюцца альбо не падабаецца спіс кандыдатаў, проста безадказна. Дзяржавы не павінны дапускаць падобнае, — выказваецца наконт байкоту выбараў старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

Тым не менш не хадзіць на выбары можна: у нашай краіне адказнасці за няяўку выбаршчыка на ўчастак няма.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі